← назад

Замена нацягвальніка ланцуга

травень 26, 2026

Вітаю!

У матацыклах BMW R1250GS прыкладна да 2022 года прадукцыі усталёўваліся кароткія нацягвальнікі ланцуга, якія пасля пэўнага часу эксплуатацыі пачыналі выдаваць дакучлівае цыканьне, якое прыгадвае гук працы швейнай машынкі.

Праблема чамусьці ўзнікае толькі ў левым цыліндры. Яна не ўплывае на працу рухавіка і не з'яўляецца небяспечнай, але калі вы хоць раз зьвярнулі ўвагу на гэты гук, то ўжо ня зможаце яго не чуць. Прынамсі я не змог.

Цыканьне нацягвальніка ланцуга з левага цыліндра

У мяне праблема з'явілася прыкладна праз 20 тысяч кіламетраў. Пакуль матацыкл быў на гарантыі, я зьвярнуў ўвагу падчас сэрвіснага абслугоўваньня, але адказ быў тыпу "гэта нармальна, гэты рухавік так працуе".

Пазьней я даведаўся, што BMW аднак ведае пра гэтую праблему і ў новых матацыклах усталёўвае нацягвальнікі новага ўзору - каля 3мм даўжэйшыя, якія ня маюць гэтага дэфекту.

Якое ж было маё здзіўленне(ужо пасьля таго як сконьчылася гарантыя), я выпадкова даведаўся, што іншыя афіцыяльныя сэрвісы BMW замянялі дэфектныя нацягвальнікі па гарантыі на новыя, калі ўладальнік скаржыўся на цыканьне.

Што ж, перадаю шчырыя прывітаньні BMW Motorrad Inchcape Wrocław. Прыйдзецца рабіць усё самому, на ўласны кошт.

Дыягностыка

Перш за ўсё ўпэўніцеся, што ў вас сапраўды дэфектны нацягвальнік. Зрабіць гэта даволі проста: дэфектныя маюць галоўку балта на 17, новага ўзору - на 19.

Нацягвальнік знаходзіцца ў ніжняй частцы цыліндра, бліжэй да корпуса рухавіка. Пазначыў яго стрэлкай на фота ніжэй.

Нацягвальнік знаходзіцца ў ніжняй частцы цыліндра, бліжэй да корпуса рухавіка
Нацягвальнік знаходзіцца ў ніжняй частцы цыліндра, бліжэй да корпуса рухавіка

У маім выпадку, як я і спадзяваўся, быў фабрычны дэфектны нацягвальнік з галоўкай на 17.

Пакупка нацягвальніка новага ўзору

Нацягвальнік новага ўзору мае нумар 11 31 7 108 586. Я замовіў яго ў афіцыйнага дылера BMW, але канешне не ў тым, дзе мне казалі што "гэта нармалёва".

Кошт 410зл (прыкладна 97 еўра).

Нацягвальнік новага ўзору мае нумар 11 31 7 108 586
Нацягвальнік новага ўзору мае нумар 11 31 7 108 586

Замена

Працэс замены нацягвальніка ланцуга ў BMW R1250GS даволі просты.

Калі ў вас Адвэнчэр ці проста ёсьць ахоўныя дугі, то прыйдзецца здымаць ніжнюю частку ахоўных дуг, бо яна будзе моцна перашкаджаць.

Лепш за ўсё зрабіць гэта падчас замены алею, бо нацягвальнік у гэтым матацыкле гідраўлічны і з-пад яго будзе сыходзіць алей. Няшмат, але падрыхтуйце ёмістасьць і нейкую анучу.

Калі ўсё падрыхтавана, выкручваем стары нацягвальнік.

Дэфектны нацягвальнік
Дэфектны нацягвальнік

Як ён увогуле працуе?

Алей з сістэмы змазкі рухавіка пад ціскам падаецца ўнутр нацягвальніка па гэтаму каналу:

Канал для алею з сістэмы змазкі
Канал для алею з сістэмы змазкі
Унутры нацягвальніка
Унутры нацягвальніка

Унутры знаходзіцца поршань, які пад ціскам алею выціскае нацягвальнік вонкі, падтрымліваючы патрэбнае нацяжэньне ланцуга.

Поршань
Поршань

У поршні ёсьць канал з клапанам, які дазваляе алею выходзіць з нацягвальніка, калі ціск робіцца празьмерным.

Клапан унутры поршня
Клапан унутры поршня
Канал выхаду алею з поршня
Канал выхаду алею з поршня

Хутчэй за ўсё, на халастым ходзе прагрэтага рухавіка не хапае ціску алею для падтрымкі патрэбнага нацяжэньня ланцуга, і ён пачынае цыкаць.

Новы нацягвальнік мае большы ход поршня, таму нават пры нізкім ціску ён будзе падтрымліваць патрэбнае нацяжэньне.

Новы і стары нацягвальнік
Новы і стары нацягвальнік

Перад устаноўкай новага нацягвальніка я вырашыў дэлікатна насмараваць поршань чыстым алеем, каб першыя секунды працы былі ўжо са змазкай. У сэрвісным мануале BMW пра гэта нічога не сказана, але думаю што не зашкодзіць.

Перад устаноўкай новага нацягвальніка я вырашыў дэлікатна насмараваць поршань чыстым алеем
Перад устаноўкай новага нацягвальніка я вырашыў дэлікатна насмараваць поршань чыстым алеем
Месца ўстаноўкі
Месца ўстаноўкі

Новы нацягвальнік ўсталёўваецца на месца з большым высілкам - яго мацней трэба ўціскаць унутр.

Увага! Раю ўціскаць і нажыўляць разьбу голымі рукамі, бо так вы дакладна адчуеце, калі ён стане на месца.

Я спачатку ўціскаў і нажыўляў галоўкай і ледзьве не загубіў разьбу, бо не заўважыў што прамахнуўся з сувосьнасьцю і пачаў заціскаць нацягвальнік пад вуглом.

Калі вы усталявалі правільна - ён зацягваецца некалькі абаротаў проста рукамі, там усё насмаравана алеем.

Калі ён ад пачатку ідзе туга - вельмі імаверна, што вы прамахнуліся з сувосьнасьцю і пачалі заціскаць пад вуглом.

Не ўяўляю што рабіць калі ў гэтым месцы загубіць разьбу...

Калі нацягвальнік усталяваны на месца, заціскаем яго галоўкай на 19 з момантам 32 Нм. Гатова!

Праца левага цыліндра з новым нацягвальнікам 11 31 7 108 586 BMW R1250GS

Розьніцу ў працы я адчуў адразу - цыканьне знікла, і нават на халастым ходзе прагрэтага рухавіка ўжо няма гэтага дакучлівага гуку:

Як бачыце самі, нічога складанага ў гэтай замене няма.

Дзякуй за ўвагу!

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2026