Раптоўны канец майго інтэркома Sena 50S
жнівень 19, 2026Вітаю шаноўныя чытачы!
Сёньня будзе сумны аповед пра тое, як мой інтэрком раптоўна перастаў працаваць у самы непадыходзячы момант.
Гісторыя
Я быў у невялічкім мотападарожжы разам з калегамі. Ва ўсіх былі розныя інтэркомы, у асноўным Cardo і некалькі Sena. Раней паміж намі было шмат дыскусій які ж інтэрком лепшы, але той факт, што мая Sena вырашыла знянацку памярэць раніцай проста перад выездам, здаецца, ні ў каго не пакінуў сумневаў.
Усё было як звычайна: мой інтэрком зараджаўся перад выездам, калі я здымаў яго з зарадкі заўважыў што не сьвеціцца дыёд зарадкі. Дзіўна, ён заўсёды чырвоны калі ідзе зарадка і сіні калі інтэрком поўнасьцю зараджаны.
Ужо каля матацыклаў, калі я хацеў спалучыць яго з інтэркомамі калегаў, калі заўважыў што ён раптам самастойна выключаецца. Вось вам відэа:
Sena 50S самастойна выключаецца праз 3-5 секунд пасля ўключэньня
Калі коратка: інтэрком уключаецца, кажа што батарэйка поўнасьцю зараджаная, потым выключаецца(так!). Калі дзейнічаць хутка можна нават пасьпець яго спалучыць з матацыкалам ці ўключыць мэш, але ўсё адно ён выключаецца і ніяк гэтага не затрымаць.
Падключэньне да паўэрбанку нічога не дае - ён таксама выключаецца нягледзячы ні на што.
У той дзень я катаўся моўчкі, інтэрком так і не ачуняў...
Дыягностыка
Я шмат думаў, вяртаючыся дамоў. Першае што я прыйшло ў галаву што гэта нейкая праблема з батарэйкай.
Год таму я замяніў арыгінальны акумулятар на кітайскі, падрабязна я пісаў пра гэта тут.
Але чаму тады інтэрком не працуе ад паўэрбанку?
Чаму не сьвеціцца дыёд зарадкі пры падключэньні да паўэрбанку?
Інтэрком уключаецца і бачыць "поўную" батарэйку, але потым карэктна выключаецца сам - гэта не падобна да раптоўнага выключэньня калі раптам спадае ўзровень зараду акумулятара.
Я памераў спажываньне току пры падключэньні вонкавага сілкаваньня - гэта сталыя 0.07А ці 70мА, пры гэтым ня мае значэньня ці інтэрком уключаны ці не. Ток занадта малы каб зараджаць акумулятар.
Я разабраў Сену і праверыў мультыметрам прасадку напражэньня на батарэйцы у 1) момант уключэньня, 2) момант выключэньня, 3) пры падключаным вонкавым сілкаваньні. Вынік: 1, 2, 3 - роўна 4.00V з невялічкім хістаньнем у 0.01(можа быць хібнасьць мультыметра).
Каб невялікім коштам выключыць з сьпісу падазраваных батарэйку, я замовіў новую і падключыў яе асобна проста да мацярынскай платы.
Вынік? Нічога не зьмянілася. Справа дакладна не ў акумулятары.
Справа выглядае так, быццам вонкавае сілкаваньне не даходзіць да мацярынскай платы і па нейкай прычыне мацярынскае плата выключаецца самастойна ігнаруючы факт добра зараджанай АКБ.
Скарыстаўся з дыягностыкі праз ШІ і паводле яго наступіла сьмерць power management unit, але дакладна даследаваць гэта без схем немагчыма.
Шчыльнасьць SMD кампанентаў і мікрапайкі на плаце ўражвае, схемаў платы ў адкрытым доступе канешне няма, таму на жаль, зрабіць з гэтай платай нічога не атрымаецца. Толькі замена галоўнай платы альбо ўсяго дэвайсу.
Пошук дапамогі ў суполках
Я адшукаў падобныя выпадкі на форумах Sena - апынулася што мая сітуацыя не ўнікальная, Sena мяняе ўвесь інтэрком разам па гарантыі без пытаньняў.
Але інфармацыі што рабіць калі сконьчылася гарантыя я, на жаль, не знайшоў.
У суполцы BMW адзін хлопец напісаў, што меў падобную праблему. Ён пісаў у падтрымку Сены. Яны спачатку дасылалі стандартныя адпіскі, але нейкім цудам у яго атрымалася дамовіцца на замену мацярынскай платы за 100€, што ўсё яшчэ таней чым новы інтэрком. Праўда, плата што ён атрымаў мела іншыя хібы і была не да канца спраўнай(капец!), але потым нарэшце даслалі добрую, хоць і трывала ўсё каля месяца часу.
Кантакт з службай падтрымкі Sena
Вырашыў напісаць ім. Адказ прыйшоў даволі хутка тыпу "мы не займаемся паслягарантыйным рамонтам", ніякія часткі нікому больш не дасылаем, купляйце новае.
Адзінае, што яны падказалі што для 50S серыі можна купіць як яны клічуць "50S Replacement Main Unit", SKU 50S-M10.
Гэта сам інтэрком, без нічога лішняга і таму на каля 100€ больш танны, чым поўны камплект з усімі правадамі і камплектам для мантажу.
Падсумаваньне
Прызнаюся, я быў вельмі абураны і першыя думкі былі ў стылі "ніякага супрацоўніцтва з гэтай канторай ізноў".
Інтэрком гэта ж проста рацыя з навушнікамі: там няма нічога што трэцца ці знашваецца. 4+ гады гэта не так шмат для такога дэвайсу, тым больш што ён не выкарыстоўваецца кожны дзень.
Я вырашыў зрабіць даследаваньне што там мае канкурэнт - Cardo, і высь ветлілася, што іх інтэркомы таксама не ідэальныя: такіх праблемаў з батарэйкамі ў іх няма, але ёсьць іншыя, напрыклад яны ўспухаюць і г.д.
Да таго ж Cardo трошкі горш супрацоўнічае з BMW: няма магчымасьці рэгуляваньня гучнасьці праз Wonder Wheel. Я ўжо вельмі прызвычаіўся да гэтай фішкі і не хачу адрываць руку ад руля. Ну і прыйшлося б браць duo pack і пераробліваць шлем майго пасажыра, а гэта час і кошты.
Эмоцыі астыгнулі, я ўсё абмеркаваў і аднак вырашыў застацца з фірмай Sena і пайсьці ў кірунку заменніка галоўнага модуля: проста купляю новы інтэрком і карыстаюся з таго што і так працавала, ня трэба нічога нанова мантаваць у шлем ці нешта зьмяняць.
Дарэчы, па гэтай жа прычыне я вырашыў не ісьці ў бок новай 60 серыі - там трэба мантаваць новую док-станцыю разам з усім абвесам.
Час пакажа як будзе працаваць новы модуль. Хочацца спадзявацца што за гэтыя годы Sena нешта зрабілі на плюс з якасьцю выкарыстоўваемых акумулятараў.
Дзякуй за ўвагу.
