← назад

Рэанімацыя клапана EXUP у BMW R1250GS

11 лістапада 2026

Вітаю, шаноўныя чытачы!

Аднойчы пэўнага дня, пасьля таго як завёў рухавік, атрымаў check engine. Цікава, што рухавік, калі завадзіўся, рыкнуў трошкі гучней, чым звычайна.

Падлучыўшы Motoscan, я пабачыў новыя для сябе памылкі - 3A1461 і 3A1462.

Новыя коды памылак DME у Motoscan: 3A1462, 3A1461Новыя коды памылак DME у Motoscan: 3A1462, 3A1461

Расшыфроўка кодаў памылак

Абедзьве памылкі датычацца заслонкі выхлапу - клапана EXUP.

3A1461 - DME фіксуе няправільны дыяпазон рэгуляваньня заслонкі выхлапу. Памылка ўзьнікае, калі сэрвапрывад заслонкі даходзіць да ўпору раней, чым заслонка цалкам адкрылася. Рэкамэндацыя сэрвісу: праверыць наладку троса прывода заслонкі.

3A1462 - DME фіксуе няправільны дыяпазон рэгуляваньня заслонкі выхлапу: механічная няспраўнасьць або заклінаваньне. Памылка ўзьнікае, калі заслонка не можа прайсьці ўвесь ход падчас адаптацыі або не дасягае патрэбнага становішча падчас язды. Рэкамэндацыя сэрвісу: праверыць ход і лёгкасьць руху заслонкі.

Для абедзьвюх памылак магчымыя наступствы аднолькавыя: няроўная праца рухавіка, пагаршэньне цягі і зьмена гуку выхлапу. Апошняе якраз і тлумачыць, чаму рухавік пры запуску рыкнуў гучней, чым звычайна.

Пасьля ліквідацыі няспраўнасьці трэба скінуць значэньні адаптацыі сумесі.

Што такое клапан EXUP і як ён працуе

Клапан EXUP - гэта адмысловая заслонка, якую вытворцы пачалі ўсталёўваць, каб новыя матацыклы адпавядалі нормам стандартаў Эўра-4/5.

Заслонка клапана EXUP унутры трубыЗаслонка клапана EXUP унутры трубы

Стандарт прадугледжвае пэўную максімальную гучнасьць у насялённай мясцовасьці, таму на большасьці матацыклаў з аб’ёмам больш за літр замантаваны EXUP.

Тэарэтычна, на малых абаротах заслонка прыкрытая і душыць гук выхлапу, а на высокіх - адчыняецца, каб рухавік мог нармальна дыхаць.

Была яшчэ легенда, што гэты клапан дапамагае прытрымліваць паток выхлапу на нізкіх абаротах, што нібыта дазваляе плынней раскручваць рухавік пры дадаваньні газу і паляпшае працу на сярэднім дыяпазоне абаротаў. Але ў інтэрнэце хапае інфы, што наяўнасьць гэтага клапану ніяк не ўплывае на культуру працы рухавіка ці моц.

Таму хутчэй за ўсё, ягоная задача - зрабіць матацыкл больш ціхім.

Алгарытм працы гэтага клапана - таямніца, якую BMW не раскрывае, але адзін блогер не паляніўся і эксперыментальным шляхам, дадаўшы камеру над клапанам, высьветліў, што становішча клапана залежыць ад перадачы і абаротаў рухавіка:

ПерадачаХуткасьцьАбароты, аб/хвСтановішча клапана
нейтраль-1050часткова зачынены
нейтраль-2000пачынае зачыняцца мацней
нейтраль-3000зачынены настолькі, наколькі дазваляе блок кіраваньня, але не максімальна
нейтраль-4200пачынае зноў адчыняцца
150 км/г~5000амаль цалкам адчынены, абмежаваньняў па шуме няма
250 км/г~3400зачынены настолькі, наколькі дазваляе блок кіраваньня
3-~2600адчынены больш, чым на 2-й (паводле кадра з відэа)

Ёсьць меркаваньне, што менавіта на 2-й перадачы BMW праходзіць гарадскі тэст на шум (drive-by test), таму клапан зачынены больш, чым на іншых перадачах.

EXUP з часам

Клапан EXUP - даволі складанае інжынернае рашэньне, якое з часам пераўтвараецца ў галаўны боль, асабліва калі матацыкл выкарыстоўваецца ня толькі для паездак падчас сухога сонечнага надвор’я.

Заслонка стаіць у выхлапной трубе перад глушыцелем блізка ад задняга кола, сэрвапрывад праз тросікі механічна адчыняе і зачыняе яе кожны раз, калі мяняюцца абароты рухавіка, а ўся гэтая канструкцыя знаходзіцца ў даволі агрэсіўным месцы.

Месцазнаходжаньне EXUPМесцазнаходжаньне EXUP

Нягледзячы на тое, што клапан мае ахоўную накладку ад бруду і вільгаці, яны ўсё адно трапляюць пад яе, таму з часам клапан іржавее і пачынае клініць.

Як толькі высілак сэрвапрывада большы за акрэсьлены, кампутар лічыць, што клапан закіс, і паказвае check engine, бо калі нічога не зрабіць - сэрвапрывад проста згарыць.

Вось так выглядае мой клапан EXUP пасьля 50 тысяч кіламетраў у самых розных варунках. Да гэтага я ніколі яго не чапаў.

Брудны і іржавы клапан EXUP пасьля 50 тысяч кіламетраўБрудны і іржавы клапан EXUP пасьля 50 тысяч кіламетраў

Найгоршае, што зрабілі інжынеры BMW, - гэта тое, што клапан EXUP зьяўляецца адной часткай з каталізатарам, і калі EXUP сапсуецца, замяніць іх можна толькі разам. Кошт такой часткі, галоўным чынам з-за каталізатара, каля 1400 еўра - гэта чыстае вар’яцтва.

Канешне, людзі будуць проста выразаць усю гэтую экалягічную бурду пры першай магчымасьці, нягледзячы на тое, што гэта парушэньне закону, тым больш, што не ва ўсіх краінах за гэтым пільна сочаць.

Дыягностыка і рамонт

Каб дабрацца да клапана EXUP, трэба зьняць бляшаную покрыўку, якая трымаецца на трох шрубах.

Галоўная праблема тут - закіслыя шрубы ў бляшаных мацаваньнях C-clip. Адно не вытрымала, і не было іншага выхаду, акрамя як зламаць яго.

Галоўная праблема тут - закіслыя шрубы ў бляшаных мацаваньняхГалоўная праблема тут - закіслыя шрубы ў бляшаных мацаваньнях

Афіцыяльны BMW сэрвіс хоча за такую бляшку ажно 3 еўра за штуку (!).

Нумар дэталі C-clip - 46 63 7 694 548. Памеры: A - 17 мм, B - 15 мм, C - M5, d - 6,2 мм.

Бляшанае мацаваньне C-clip 46 63 7 694 548 пад шрубу M5: схема і памерыБляшанае мацаваньне C-clip 46 63 7 694 548 пад шрубу M5: схема і памеры

Гэтыя мацаваньні стандартныя ў сусьвеце BMW, таму ў мяне атрымалася падабраць аналягічны заменьнік, у 10 разоў таннейшы.

Што мяне асабліва абурыла: усе шрубы сухія - ані кроплі смару. На заводзе сабралі і ўсё, а як потым гэта будзе адкручвацца, нікога не хвалюе.

Наколькі магчыма, чысьцім ад пяску і бруду і адкручваем мацаваньні тросікаў, каб іх адлучыць ад шківа клапана.

Адкручваем мацаваньні тросікаў, каб іх адлучыць ад шківа клапанаАдкручваем мацаваньні тросікаў, каб іх адлучыць ад шківа клапана

Трос прывода клапана EXUPТрос прывода клапана EXUP

Клапан EXUP: від з нізуКлапан EXUP: від з нізу

Цяпер можна рукамі паварушыць заслонку і праверыць, ці лёгка яна рухаецца. У маім выпадку яна была заклінаваная і рухалася вельмі цяжка.

Звонку не атрымаецца змазаць абодва падшыпнікі, нават калі падлезьць пад спружыну.

Звонку не атрымаецца змазаць абодва падшыпнікі, нават калі падлезьць пад спружынуЗвонку не атрымаецца змазаць абодва падшыпнікі, нават калі падлезьць пад спружыну

Трэба здымаць выхлапную трубу і змазваць заслонку EXUP знутры.

Хамут і шрубы выхлапной трубы таксама былі акісленыя, сухія і без якой-небудзь змазкі, на шчасьце ўсё адкруцілася без праблемаў.

Глушыцель BMW R1250GS на месцыГлушыцель BMW R1250GS на месцы

Матацыкл без глушыцеляМатацыкл без глушыцеля

Можна зазірнуць унутр трубы і пабачыць заслонку EXUP і стан каталізатара.

Заслонка клапана EXUP і каталізатарЗаслонка клапана EXUP і каталізатар

Уважліва і акуратна запырскваем WD-40 на вось клапана, каб змазаць падшыпнік унутры. Нічога не павінна трапіць на каталізатар, бо гэта прывядзе да яго пашкоджаньня!

Відэа з распрацоўваньнем клапана EXUP:

Распрацоўваем клапан EXUP

Гэтую апэрацыю трэба паўтараць столькі разоў, пакуль заслонка EXUP не пачне лёгка рухацца ад рукі, абільна дадаючы WD-40.

Калі заслонка пачне рухацца лёгка, трэба замацаваць эфект і змазаць падшыпнікі меднай змазкай для высокіх тэмператур, пырскаючы яе зверху і на вось клапана ўнутры. Вядома, унутр трапіць малая частка змазкі, але гэта лепш, чым нічога.

Würth Rost Off і высокатэмпературная змазка Würth CU-800Würth Rost Off і высокатэмпературная змазка Würth CU-800

Змазка верхняга падшыпнікаЗмазка верхняга падшыпніка

Медная змазка на восі заслонкі ўнутры трубыМедная змазка на восі заслонкі ўнутры трубы

Клапан EXUP зноў працуе

Можна яшчэ дадаць WD-40 унутры тросікаў, каб іх змазаць, але мне падалося, што мае і так лёгка рухаліся.

Пасьля ўсіх апэрацый трэба сабраць усё назад, падключыць тросікі і скінуць памылкі праз Motoscan. Там жа трэба скінуць значэньні адаптацыі сумесі.

Клапан EXUP не паддаецца рэанімацыі

Калі клапан EXUP ужо не паддаецца рэанімацыі, існуе альтэрнатыўны варыянт вырашэньня праблемы: можна адлучыць тросікі і пакінуць EXUP у адчыненым стане, каб рухавік вольна дыхаў увесь час.

Я знайшоў такую параду ў інтэрнэце і вырашыў дзеля эксперыменту паспрабаваць. У выніку матацыкл зрабіўся трошкі гучнейшым, і на нізкіх абаротах гук быў больш прыемны, чым звычайна, але ніякай розніцы ў працы рухавіка я не заўважыў.

У чым падвох? Па-першае, кампутар пачынае паказваць іншую памылку, бо занадта лёгкая праца сэрвапрывада без нагрузкі для яго таксама зьяўляецца трыгерам. Каб пазбыцца гэтай памылкі, трэба купіць невялічкую прыладу, якая называецца EXUP eliminator (~80 еўра). Яна ўтыкаецца ў штатны раздым замест сэрвапрывада і імітуе яго працу, каб падмануць кампутар.

Па-другое, заслонка з часам закісне зусім, і калі зьявіцца патрэба вярнуць яе да жыцьця - напрыклад, захочацца паехаць у цывілізаваныя краіны пакатацца па Альпах, то распрацаваць яе ўжо не атрымаецца - толькі замена ўсяго каталізатара. Умяшаньне ў экалягічную сыстэму матацыкла ў Эўразьвязе забаронена і караецца высокімі штрафамі, хоць не ва ўсіх краінах за гэтым пільна сочаць.

Вынік

Пасьля пасьпяховага ратаваньня заслонка працуе нармалёва, але невядома, як доўга будзе трымацца эфект.

Пасьля рамонту памылка 3A1462 зьнікла, а пасьля скіду памылак праз Motoscan check engine больш не загараўся.

Коды памылак DME у Motoscan пасьля рамонту: 3A1581, 3A1571, 3A1461 - памылкі 3A1462 больш нямаКоды памылак DME у Motoscan пасьля рамонту: 3A1581, 3A1571, 3A1461 - памылкі 3A1462 больш няма

Галоўная выснова для сябе: клапан EXUP варта правяраць і змазваць падчас штогадовага сэрвісу, не чакаючы check engine, асабліва калі матацыкл выкарыстоўваецца ў вільготных умовах. Уся рэанімацыя каштуе гадзіны часу, балёнчык WD-40, медную змазку і некалькі бляшак C-clip.

Пакуль што я задаволены вынікам. Калі праводзіць такую апэрацыю раз на год - ок, але калі часьцей - напэўна задумаюся аб выключэньні EXUP.

Дзякуй за ўвагу, спадзяюся, мой досьвед камусьці дапаможа.