← назад

Навігацыя на матацыкле BMW

верасня 30, 2026

Вітаю, шаноўныя чытачы!

Сёньня пагаворым пра такую важную прыладу на матацыкле як навігатар, без якой ужо цяжка ўявіць сабе якое-небудзь падарожжа.

Агулам існуе некалькі тыпаў прылад для навігацыі на матацыкле:

  • убудаваная навігацыйная сістэма: у выпадку BMW гэта BMW Motorrad Connected
  • асобны навігатар: можа быць агульнага прызначэньня (напрыклад TomTom) ці спецыялізаваны тыпу BMW Motorrad Navigator толькі для матацыклаў BMW
  • тэлефон ці планшэт, які непасрэдна выкарыстоўваецца ў якасьці навігатара
  • вельмі папулярныя апошнім часам прылады з CarPlay/Android Auto, на экран якіх робіцца праекцыя вашага ўласнага тэлефона

Убудаваныя навігацыйныя сістэмы: BMW Motorrad Connected

Ва ўсіх матацыклах BMW з TFT-экранам па змаўчанні ўсталяваная навігацыйная сістэма BMW Motorrad Connected. Яна грунтуецца на выкарыстаньні GPS вашага тэлефону, на якім патрэбна заінсталяваць адпаведную праграму (падтрымліваецца як iOS, так і Android).

Праграма на тэлефоне дазваляе спампаваць афлайнавыя мапы (толькі асфальтавыя дарогі) ўсіх краін сьвету, плянаваць і запісваць трасы, абслугоўвае файлы GPX і шмат усяго яшчэ.

BMW Motorrad Connected на тэлефонеBMW Motorrad Connected на тэлефоне

Навігацыя на TFT-экране матацыкла адлюстроўваецца без мапы: стрэлка павароту, адлегласьць да яго і назва вуліцы, але ёсьць магчымасьць уключыць галасавыя паведамленьні, калі ў вас падлучаны інтэрком:

BMW Motorrad Connected TFTBMW Motorrad Connected TFT

BMW Motorrad Connected TFTBMW Motorrad Connected TFT

BMW Motorrad Connected TFT

Кіруецца гэтая навігацыя цалкам з руля пры дапамозе WonderWheel, што вельмі зручна і бяспечна.

З дадатковых бонусаў: падчас язды можна дадаваць розныя POI у якасьці наступнага прыпынку, напрыклад кафэ, заправку ці гатэль. Гэта вельмі зручна, бо не трэба спыняцца і шукаць у тэлефоне - праверана на сабе!

Але чаго нельга зрабіць з гэтай навігацыяй, дык гэта ўвесьці нейкі адрас з руля - толькі праз тэлефон.

Плюсы і мінусы:

  • дармовая навігацыя з афлайн мапамі ўсіх краін сьвету
  • натыўная падтрымка ў матацыкле і агулам вельмі добрая інтэграцыя
  • магчымасьць кіраваць навігацыяй з руля праз WonderWheel
  • магчымасьць дадаваць POI падчас руху
  • інфармацыя пра заторы ў рэальным часе
  • падтрымка GPX
  • базуецца на GPS з тэлефону, таму патрэбны заўсёды падлучаны тэлефон, які канешне разраджаецца
  • без мапы - толькі стрэлкі і адлегласьці: патрабуе прызвычаеньня, нязручна карыстацца ў незнаёмай мясцовасьці, асабліва ў вялікіх гарадах і на складаных раз’ездах
  • не паказвае камеры хуткасьці
  • няма папярэджваньняў пра паліцыю ці небясьпекі на дарозе
  • абслугоўвае толькі вядомыя дарогі - для афроўду не падыходзіць

Агулам, я карыстаюся ёй час ад часу, але галоўным чынам як дадатковай навігацыяй.

Асобныя навігатары

Сур’ёзныя мотападарожнікі звычайна выбіраюць гэты варыянт, як больш надзейны і прафесіянальны. У прыладах такога тыпу ўсталяваны якасны GPS модуль - гэта мае істотнае значэньне, калі вы едзеце ў горы, пустыню ці ў нейкае бязлюддзе, дзе няма сігналу мабільнай сувязі.

Такія навігатары звычайна ўмеюць працаваць у рэжыме афлайн альбо анлайн, калі вы ім дасіце інтэрнэт з свайго тэлефона, але ў такім разе тэлефон мусіць быць падлучаны да зарадкі, бо ён будзе хутка разраджацца.

Галоўная праблема, на маю думку, гэта кошт такой прылады - ён часьцей за ўсё даволі вялікі. Яшчэ адным мінусам для мяне з’яўляецца прывязка да нейкага спецыфічнага для канкрэтнага навігатара праграмнага забяспечаньня.

Асобныя навігатары: BMW Motorrad ConnectedRide Navigator

BMW Motorrad ConnectedRide Navigator над TFT-экранам матацыкла BMWBMW Motorrad ConnectedRide Navigator над TFT-экранам матацыкла BMW

BMW Motorrad ConnectedRide Navigator прыйшоў на зьмену Navigator VI, які BMW рабіла разам з Garmin. Новы навігатар BMW распрацавала сама, а мапы для яго робіць TomTom.

ConnectedRide Navigator безумоўна добра зінтэграваны з матацыкламі BMW: ім зручна карыстацца наўпрост з руля з дапамогай WonderWheel.

BMW да сваіх матацыклаў дадае падстаўку пад уласны навігатар BMW Motorrad Navigator - гэта такі спрытны маркетынгавы ход, каб лагодна прывязаць да сваёй прадукцыі.

Штатная падстаўка BMW пад навігатар BMW Motorrad Navigator з раздымам і кабелемШтатная падстаўка BMW пад навігатар BMW Motorrad Navigator з раздымам і кабелем

Яна вельмі зручная, надзейная і дазваляе хутка здымаць навігатар падчас стаянак у падарожжы. Да таго ж яна абараняе навігатар ад крадзяжу - без ключыка не атрымаецца выняць навігатар з падстаўкі.

Дзе ж падвох? А вось і ён - кошт такога навігатара гэта 600-800€ (так!). Працуе ён толькі з праграмай BMW Motorrad Connected, якая скажам так мае свае плюсы і мінусы і не з’яўляецца маёй улюбёнай.

Да таго ж ён арыентаваны галоўным чынам на асфальтавыя падарожжы, таму ён не з’яўляецца добрым выбарам для аматараў афроўда.

Я спачатку разглядаў варыянт “купіць для матацыкла BMW усё ад BMW”, але пабачыўшы кошт і пачытаўшы водгукі хутка адмовіўся ад гэтай ідэі.

Плюсы і мінусы:

  • добрая інтэграцыя з матацыкламі BMW
  • афлайн мапы ўсіх краін
  • бясплатныя абнаўленьні мапаў і праграмнага забесьпячэньня
  • магчымасьць кіраваць навігацыяй з руля праз WonderWheel
  • інфармацыя пра заторы ў рэальным часе
  • слот для SIM-карты: заторы і іншыя анлайн-сэрвісы працуюць і без тэлефона
  • вельмі высокі кошт
  • працуе толькі з праграмай BMW Motorrad Connected
  • не паказвае камеры хуткасьці (у адрозненьне ад Navigator VI)
  • не падыходзіць для афроўду

Асобныя навігатары: TomTom

TomTom Rider 550TomTom Rider 550

Я асабіста ніколі не меў навігатара маркі TomTom, але маю знаёмых матацыклістаў, якія карыстаюцца і вельмі задаволеныя.

З галоўных асаблівасьцяў: няма ніякіх часовых ліцэнзій - купляеш дэвайс і пажыццёва карыстаешся ўсімі функцыямі, у тым ліку і афлайн мапамі.

Прыладай можна карыстацца як на матацыкле (з адпаведнай падстаўкай), так і ў аўтамабіле. Прылада мае ўласны акумулятар, якога хапае на некалькі гадзін працы.

Ёсьць некаторыя фішкі, якіх няма ў іншых навігатараў, тыпу: замярае фактычную сярэднюю хуткасьць на адрэзках з фатарадарамі і г.д.

Калі б я шукаў сабе такога тыпу навігатар, то хутчэй за ўсё пайшоў бы ў бок TomTom.

Плюсы і мінусы:

  • асобная прылада з уласнай батарэяй і падстаўкай
  • афлайн мапы ўсіх краін
  • пажыццёвая ліцэнзія на ўсе функцыі
  • інфармацыя пра заторы і папярэджаньні пра камеры хуткасьці (праз тэлефон)
  • можна карыстацца на любым транспартным сродку: матацыкле ці аўтамабілі
  • брак інтэграцыі з матацыкламі BMW
  • не падыходзіць для афроўду
  • не мае ўласнай карты SIM, трэба падлучаць тэлефон для анлайн-сэрвісаў (напрыклад, інфармацыі пра заторы)

Тэлефон у якасьці навігатара

Я асабіста карыстаюся тэлефонам у якасьці навігатара, бо ён заўсёды пад рукой. Да таго ж я не абмежаваны выбарам праграм: для асфальту я карыстаюся галоўным чынам Waze, для бездарожжа - OsmAnd, але калі трэба можна лёгка пераключыцца на Google Maps напрыклад.

Каб карыстацца тэлефонам як навігатарам трэба мець падстаўку, якая будзе надзейна яго трымаць. Акрамя надзейнага мацаваньня, падстаўка павінна дазваляць хутка здымаць тэлефон і мець магчымасьць яго зараджаць падчас руху.

Калі ваш тэлефон мае добрую фотакамеру з аптычнай стабілізацыяй (як большасьць сучасных тэлефонаў) - варта карыстацца вібраўстойлівымі падстаўкамі, бо інакш ёсьць высокае рызыка сапсаваць яе. Пра гэта нават папярэджвае Apple.

Ёсьць цэлы шэраг папулярных падставак і мацаваньняў для матацыклаў, але я спынюся толькі на тых, якія я разглядаў ці меў дачыненьне.

Плюсы і мінусы:

  • заўсёды пад рукой - ён хутчэй за ўсё ў вас ЎЖО ЁСЬЦЬ
  • можна карыстацца рознымі праграмамі для навігацыі
  • можна лёгка пераключацца паміж праграмамі
  • Waze і Google Maps паказваюць заторы і камеры хуткасьці, а Waze яшчэ і паліцыю ды небясьпекі на дарозе
  • мусіць быць воданепранікальны, калі вы плянуеце ездзіць у кожных пагодных варунках
  • патрабуе надзейнай падстаўкі і мацаваньня
  • патрабуе зарадкі
  • вібрацыі могуць сапсаваць камеру з аптычнай стабілізацыяй - патрэбная даволі каштоўная вібраўстойлівая падстаўка
  • можа мець горшы GPS модуль чым у асобных навігатараў, што можа быць крытычна ў горных раёнах ці ў пустыні
  • можа мець горшую яркасьць экрану, што можа быць крытычна ў сонечныя дні

Тэлефон у якасьці навігатара: BMW Motorrad ConnectedRide Cradle

Зноў BMW ужо падумала і зрабіла ўсё для вас, мае дарагія (у кожным сэнсе) карыстальнікі матацыклаў BMW: сустракайце - падстаўка BMW Motorrad ConnectedRide Cradle (нэймінг у іх канешне), якая ідэальна падыходзіць да падстаўкі пад навігатар BMW Motorrad Navigator!

Падстаўка BMW Motorrad ConnectedRide CradleПадстаўка BMW Motorrad ConnectedRide Cradle

BMW Motorrad ConnectedRide Cradle з замком OPEN і USB-партомBMW Motorrad ConnectedRide Cradle з замком OPEN і USB-партом

BMW Motorrad ConnectedRide Cradle

Выглядае боска! Калі яна толькі з’явілася, памятаю які быў хайп і попыт на яе.

Што робіць яе такой унікальнай? Яна мае ўбудаваны Connectivity Hub, падлучыўшыся да якога вы можаце карыстацца навігацыяй BMW Motorrad Connected з руля з дапамогай WonderWheel. Напэўна зручная рэч для тых, хто карыстаецца гэтай навігацыяй.

Плюсы і мінусы:

  • можна карыстацца навігацыяй BMW Motorrad Connected з руля з дапамогай WonderWheel
  • можна зараджаць тэлефон падчас руху
  • сумяшчальная з падстаўкай пад навігатар BMW Motorrad Navigator
  • абсурдна вялікі кошт ~230€
  • слабая бесправадная зарадка: зарадзіць ёй iPhone у чахле - без шанцаў
  • слабая правадная зарадка: толькі адзін USB-порт і брак падтрымкі хуткіх стандартаў
  • няма аховы ад вібрацыі
  • слабы плястык ніжняга мацаваньня: з часам ён шмат у каго проста ламаецца (але можна купіць рэмкамплект!)

BMW Motorrad ConnectedRide Cradle на матацыкле BMWBMW Motorrad ConnectedRide Cradle на матацыкле BMW

Тэлефон у якасьці навігатара: кітайская ноў-нэйм падстаўка для BMW

Канешне кітайцы таксама паклапаціліся пра менш багатых карыстальнікаў матацыклаў BMW і зрабілі падстаўку, якая адна ў адну падыходзіць да штатнай падстаўкі BMW пад навігатар і вельмі нагадвае па функцыянале арыгінальны крэдл.

Сустракаецца часьцей за ўсё пад назвай FoxWolf, але назва тутака не мае вялікай ролі.

Карыстаюся такой падстаўкай апошнія 4 гады і на маю думку гэта лепшы танны варыянт для мацаваньня тэлефона на матацыкле BMW.

Падстаўка FoxWolf на штатным мацаваньні навігатара над прыборнай панэльлю BMWПадстаўка FoxWolf на штатным мацаваньні навігатара над прыборнай панэльлю BMW

Падстаўка FoxWolf збоку з USB-партаміПадстаўка FoxWolf збоку з USB-партамі

Кітайская ноў-нэйм падстаўка FoxWolf для BMW

Кошт такой падстаўкі - 15-20€ у залежнасьці ад крамы і дастаўкі. Яна мае два ўбудаваных USB-парты і бесправадную зарадку на невядома колькі ватаў, але мой iPhone 14 Pro нават у чахле ў стане зараджацца ад яе.

iPhone з мапай у падстаўцы FoxWolfiPhone з мапай у падстаўцы FoxWolf

iPhone з мапай у падстаўцы FoxWolf над TFT-экранам BMWiPhone з мапай у падстаўцы FoxWolf над TFT-экранам BMW

Выгляд з сядла: тэлефон у падстаўцы FoxWolf над прыборнай панэльлюВыгляд з сядла: тэлефон у падстаўцы FoxWolf над прыборнай панэльлю

Плюсы і мінусы:

  • бесканкурэнцыйна нізкая цана
  • добрая бесправадная і звычайная правадная зарадка
  • сумяшчальная з падстаўкай пад навігатар BMW Motorrad
  • няма ніякай аховы ад вібрацыі
  • слабы плястык ніжняга мацаваньня

Вяртаючыся да мінусаў, асобна дадам: аднойчы ў мяне здарылася, што ніжняе мацаваньне проста адпала ўніз падчас выцягваньня тэлефону. Апынулася, што плястык ўнутры механізму вельмі хліпкі і проста зламаліся “вушкі” роліка. Атрымалася гэта адрамантаваць уласнымі сіламі, але калі б гэта здарылася ў падарожжы было б вельмі непрыемна.

Прылады з CarPlay/Android Auto

У апошнія гады з’явіўся новы тып прылад - планшэт з магчымасьцю падлучэньня і праекцыі экрану свайго тэлефона праз CarPlay/Android Auto.

Ідэя агулам супер: тэлефон схаваны ў кішэні, а праекцыя на планшэце, камера тэлефона не пакутуе ад вібрацый - камфорт! Прылады часьцей за ўсё зінтэграваныя з падстаўкай BMW, таму можна хутка іх мантаваць і здымаць.

Самыя папулярныя - Chigee (напрыклад AIO-6) і Carpuride (напрыклад W602S Pro).

Chigee AIO-6Chigee AIO-6

Carpuride W602SPROCarpuride W602SPRO

Агульныя плюсы і мінусы:

  • можна карыстацца рознымі праграмамі для навігацыі
  • можна лёгка пераключацца паміж праграмамі
  • інфармацыя пра заторы і камеры хуткасьці з Waze ці Google Maps
  • можна зараджаць тэлефон падчас руху
  • камера тэлефону не пакутуе ад вібрацый
  • кошт такіх прылад ад 400€ і больш
  • не маюць уласнага акумулятара - працуюць толькі ад матацыкла
  • неабходнасьць усё адно падлучаць тэлефон да нейкай зарадкі падчас падарожжаў, бо CarPlay выцягне ўсю батарэйку за 5-6 гадзін
  • карыстаньне праекцыяй некаторых праграм менш зручнае чым карыстаньне праграмай на тэлефоне (напрыклад OsmAnd)
  • хоць гэтыя планшэты і зробленыя на базе Android, карыстацца імі як паўнавартаснымі Android планшэтамі не атрымаецца

Я прыглядаўся да іх абодзьвух і прыйшоў да высновы, што мне больш падышоў бы Chigee, але кошт апошняй версіі разам з камерамі гэта амаль што 1000€, а гэта ўжо занадта шмат для мяне.

Падсумаваньне

У пытаньні навігацыі няма срэбрнай кулі - кожны з нас мае розныя патрэбы і розныя прызвычаеньні, розныя погляды на кошты і тэхналёгіі. Я асабіста працягваю карыстацца тэлефонам у якасьці навігатара і гэта мяне цалкам задавальняе, але хто ведае ці не зменіцца гэта ў будучыні.

Спадзяюся гэты агляд быў вам карысны.

Дзякуй за ўвагу!