← назад

50 тысяч кіламетраў на BMW R1250GS

жнівень 12, 2026

Вітаю шаноўныя чытачы!

На днях лічнік кіламетраў майго матацыкла паказаў 50 тысяч кіламетраў.

50 тысяч кіламетраў на BMW R1250GS
50 тысяч кіламетраў на BMW R1250GS

Гэта абылося калі я праязджаў каля салону BMW ва Ўроцлаве, дзе я набыў яго крыху больш за 6 гадоў таму. Цікавае супадзеньне, ці не так?

Цікавае супадзеньне
Цікавае супадзеньне

З гэтай нагоды я вырашыў зрабіць невялічкае падсумаваньне 6 гадовага досьведу эксплуатацыі матацыкла BMW R1250GS.

Тут будзе мой досьвед эксплуатацыі матацыкла, ўражаньні, думкі і некаторыя выснавы.

Легендарнасьць

Серыя BMW GS мае шматгадовую гісторыю і пэўную легендарнасьць.

Самая вядомая прымаўка(прынамсі ў Польшчы), гучыць як "ўсе матацыклісты раней ці пазьней апынаюцца ўладальнікамі BMW GS".

R1250GS гэта такі швейцарскі нож у сусьвеце матацыклаў, універсал, на якім можна камфартова падарожнічаць аўтастрадамі, але таксама можна з'ехаць з асфальту.

Горы Атлас, Марока
Горы Атлас, Марока

Можна ездзіць па гарадскіх вулачках, а можна па гоначным трэке ці трэнаваць мотаджымхану. І ён з усім дасі рады, гэта чыстая праўда.

Спаборніцтва па мотаджымхане
Спаборніцтва па мотаджымхане

Але праблемы з'яўляюцца калі вашыя патрэбы пераходзяць у больш вузкую спецыялізацыю, напрыклад калі вы захочаце ездзіць толькі ў хардкорным афроўдзе, ці працісківацца па гарадскіх вуліцах у шчыльным трафіку, ці напрыклад займацца мотаджымханай на прафесіянальным узроўні.

Тады, на жаль, R1250GS робіцца неэфектыўным.

Калі трэба ён дае рады нават з багнам, але лепш выбраць лягчэйшы матацыкл для такіх забаваў на штодзень
Калі трэба ён дае рады нават з багнам, але лепш выбраць лягчэйшы матацыкл для такіх забаваў на штодзень

Падарожжы асфальтам

Гэты матацыкл вельмі камфартовы для далёкіх падарожжаў асфальтам як з пасажырам, так і без яго:

  • камфортныя сядушкі - як у кіроўцы так і ў пасажыра
  • добрая абарона ад ветру і дажджу тулава ды ног(пераважна тычыцца кіроўцы)
  • вялікі бак
  • камфортавая падвеска, якая пераключаецца з гузіка на рулі і розніца паміж рэжымамі амартызацыі адчувальная
  • добрыя інтуіцыйныя камбінаваныя тармазы.
  • моцны рухавік, які дазваляе камфортава падарожнічаць на высокіх хуткасьцях у розных умовах
  • вялікія і ёмістыя куфры з камфартовай сыстэмай мацаваньня, якая дазваляе лёгка здымаць і ўсталёўваць куфар на матацыкл

Я разам з маім пасажырам падарожнічалі па асфальтавах дарогах розных краінах Еўропы, у тым ліку ў Польшчы, Чэхіі, Славаччыне, Нямеччыне, Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі, Гішпаніі, Марока і гэты матацыкл паказаў сябе вельмі добра і камфартова.

Umbrail Pass, Швейцарыя
Umbrail Pass, Швейцарыя

Афроўд

3 гады таму я пачаў нудзіцца на асфальце, таму вырашыў часьцей з'язджаць GS-ам з асфальту ў бездарожжа.

З майго досьведу GS добра надаецца на лёгкі афроўд: праезд па лясных дарогах, палях, гравійных дарогах, лёгкі пясок і гразь.

Калі гаворка ідзе пра больш складаны афроўд тыпу сыпкія глыбокія пяскі, багна, камяністыя горныя тропы, то пры наяўнасьці скілоў GS-ам можна праехаць амаль усюды - паглядзіце на BMW Motorrad Days :)

BMW Motorrad Days 2025 у Вісле
BMW Motorrad Days 2025 у Вісле

Але кожны сам сабе павінен задаць пытаньне ці варта, бо гэта аднак звышцяжкі і даволі дарагі матацыкл.

Я спрабаваў розныя ўмовы і адзначыў для сябе што мне падабаецца, а што не. Мой падыход на GS - гэта падарожжа лёгкім афроўдам тыпу TET ці RATs, у якім можна патрапіць на нейкія складанасьці, якія варта ўмець пераадольваць.

Для выкарыстаньня поўнага патэнцыялу GS у афроўдзе, я рэкамендую мець другі камплект колаў з адпаведнымі шынамі.

Афіцыйныя сэрвісы

Я з'яўляюся першым уласнікам і праз першыя 5 гадоў матацыкл абслугоўваўся выключна ў афіцыйных сэрвісах - гэта ўмова гарантыі.

Адносна афіцыялаў я маю неадназначнае меркаваньне. З аднаго боку, яны маюць доступ да арыгінальных запчастак і спецыялізаванага абсталяваньня, але з другога боку, я не заўсёды быў задаволены якасьцю іх працы і коштам паслуг, асабліва апошнія гады.

Падчас сезону, глядзя на колькасьць матацыклаў на паркоўцы сэрвісу штодня, ў іх там мусіць быць неблагая хуткасьць працы, таму няма чаму здзіўляцца, што праца выконваецца не акуратна.

Апошнім часам мне вельмі не адпавядалі кошты да якасьці паслуг, таму я вырашыў рабіць базавы сэрвіс самастойна, а ў афіцыялаў рабіць толькі складаныя працы, якія патрабуюць спецыялізаванага абсталяваньня.

Гарантыя ўсё адно сконьчылася і няма чаго іх карміць грашыма.

Тут можна пачытаць больш пра апошні досьвед з афіцыяламі.

Дзіўная гарантыя

Мой матацыкл меў базавую гарантыю 2 гады, а на некаторыя часткі была пашыраная гарантыя 4 гады.

Пасьля 3 гадоў эксплуатацыі, арыгінальны акумулятар моцна здэградаваў і была патрэбная замена.

Вырашыў пацікавіцца ў BMW ці яны могуць замяніць акумулятар па гарантыі і атрымаў адказ, што АКБ прадукуецца іншай кампаніяй і BMW нясе адказнасьць толькі за яго працу на працягу аднаго года.

Было непрыемна дзіўна, але на шчасьце за ўвесь час гарантыі не было чагосьці паважна сур'ёзнага.

Сэрвісныя кампаніі

Два разы я атрымліваў афіцыйныя лісты, што мой матацыкл падлягае сэрвіснай кампаніі і я мушу пад'ехаць да афіцялаў на бесплатны сэрвіс.

Адзін раз была нейкая праблема з інфармацыйнай таблічкай, яе проста пераклеілі ды й усё.

Другі раз праблема была больш паважная: у корпусе карданнага вала адсутнічала дрэнажная адтуліна для зліву вады, якая магла б прывесьці да карозіі.

Пра гэтую праблему ведалі ўсе ўладальнікі матацыклаў GS працягам шмат апошніх гадоў, але BMW рабіла выгляд што праблема не існуе.

Ня ведаю дакладна што адбылося, але BMW нарэшце прызнала праблему і зрабіла вялікую сэрвісную кампанію для ўсіх матацыклаў, нават па-за гарантыяй, каб выправіць гэты недахоп. Падчас гэтай кампаніі на кошт BMW быў таксама заменены карданны вал на новы.

Гэты матацыкл мае іншую ўспадкаваную хваробу, якая цягнецца шмат год праз шмат мадэляў - гэта дэфектны нацягвальнік ланцуга ГРМ, але тут ніякіх гучных кампаній зроблена не было.

Выпраўленыя нацягвальнікі моўчкі ўсталёўваліся на больш новыя мадэлі(2022+), а на старшых мадэлях іх мянялі толькі калі ўладальнік скардзіўся на праблему.

У маім выпадку, на маю слоўную скаргу сэрвіс сказаў што "гэта норма" і нічога не зрабіў. Давялося мяняць нацягвальнік самастойна, пасля гарантыі і на ўласны кошт.

Самастойны сэрвіс

Пачынаючы з 2026 года я раблю базавы сэрвіс самастойна. Матацыкл зроблены так, што базавы сэрвіс можна зрабіць у хатніх умовах, без спецыялізаванага абсталяваньня.

Усе вузлы даступныя, добры доступ да запчастак і расходнікаў, шмат інфармацыі ў інтэрнэце(улічваючы скрадзеныя афіцыйныя сэрвісныя мануалы).

Гэта вялікі плюс, але думаю што BMW зрабіла гэта перш за ўсё каб паскорыць працу сваіх афіцыйных сэрвісаў.

Калі ваш матацыкл па-за гарантыяй, моцна раю рабіць замену алею ў рухавіку, рэдуктары, фільтра паветра, тармазных калодак, свечак і акумулятара самастойна.

Няма чаго баяцца, а лепей чым вы самі ніхто за вас не будзе дбаць пра ваш матацыкл.

Да таго ж, матацыкл вельмі папулярны - няма праблемы з набыцьцём ужываных запчастак, рынак проста аграменны.

Падсумаваньне

На маю думку, гэта не лепшы матацыкл у сьвеце і напэўна матацыкл не для кожнага, але для мяне асабіста гэты матацыкл быў вельмі добрым выбарам і я вельмі задаволены сваім рашэньнем. Нас чакае яшчэ шмат кіламетраў цікавых падарожжаў.

Спадзяюся, што мой досьвед паказаў вам гэты легендарны матацыкл з розных бакоў, расшырыў веды і развеяў некаторыя міфы, якімі абраслі матацыклы GS.

Любіце і дбайце пра свае матацыклы!

На беразе Атлантычнага акіяна
На беразе Атлантычнага акіяна
© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2026