Замена алею ў рэдуктары BMW R1250GS
чэрвеня 26, 2026Вітаю, шаноўныя чытачы!
Наступны пост з серыі пра сэрвіснае абслугоўваньне BMW R1250GS сваімі рукамі.
Згодна з інструкцыяй, раз на два гады ці кожныя 20 тысяч кіламетраў трэба мяняць алей у рэдуктары.
У мяне ён мяняўся менш за год таму і праехаў каля 9к км, але я ўсё адно вырашыў яго замяніць разам з заменай алею ў рухавіку, так сказаць прафілактычна.
Што спатрэбіцца
-
Звычайны набор інструментаў для абслугоўваньня матацыкла: дынамаметрычны ключ 10-60 Нм, набор розных насадак, набор torx.
-
Арыгінальны алей для гіпоідных перадач BMW Motorrad Hypoid Axle Oil G3 180мл (139zł ці 30€ за 500мл).
Мінімальная ёмістасьць бутэлькі даступнай у продажы гэта 500мл.
Тут ёсьць пэўны лайфхак: можна купіць у складчыну з сябрам і выкарыстаць разам.
Другая опцыя гэта зрабіць замену алею штогадовай, бо алей старэе і губляе свае ўласцівасьці нават калі ён у каністры. Вы не страціце шмат грошай, а рэдуктар скажа толькі дзякуй.
Алей для гіпоідных перадач BMW Motorrad Hypoid Axle Oil G3
-
Ушчыльняльная пракладка пад зліўны корак 07 11 9963132: A12x16-CU (6zł ці 1.5€)
-
Ушчыльняльны пярсцёнак (o-ring) пад заліўны корак 07 11 9904693: 11,2x1,8 (4zł ці 1€)
Ушчыльняльная пракладка і пярсцёнак злева на права
-
Вялікі медыцынскі шпрыц(я выкарыстоўваў 100мл, кошт 4zł ці 1€)
-
Ёмістасьць для зліву старога алею
Падрыхтоўчыя працы
У якасьці падрыхтоўчых прац трэба зняць пырскавік (3 ніты torx), каб атрымаць зручны доступ да заліўнога корку.
Таксама раю зняць задняе кола (5 нітаў) - гэта не зойме шмат часу, але дазволіць зручна зліць стары алей не запляміўшы кола.
Зліваем стары алей з рэдуктара
Зліўны корак знаходзіцца знізу рэдуктара, адкручваем і зліваем стары алей у падрыхтаваную загадзя ёмістасьць.
Зліваем стары алей з рэдуктара
У маім выпадку алей быў даволі чысты.
Зліваем стары алей з рэдуктара
Корак мае магніт на доле, які прыцягвае дробныя часціны металу, якія могуць з’явіцца ў алеі падчас працы рэдуктара.
Аглядаем і чысьцім яго.
Мяняем ушчыльняльны пярсцёнак на зліўным корку на новы. Паводле сэрвіснай інструкцыі яго можна выкарыстоўваць некалькі разоў, але я вырашыў не рызыкаваць і паставіць новы, тым больш што кошт зусім нязначны.
Мяняем ушчыльняльны пярсцёнак на зліўным корку на новы
Закручваем корак дынамаметрычным ключом з момантам 20Нм.
Заліваем новы алей у рэдуктар
Адкручваем заліўны корак.
Шчыра кажучы, я ледзь адкруціў яго: ён мусіць быць закручаны з момантам 25 Нм, але ён быў заціснуты відавочна большым момантам.
Зьвяріце ўвагу на амаль пазрываныя шліцы. Вось чаму я ўсё менш давяраю сэрвісам(нагадаю - матацыкл абслугоўваўся выключна ў афіцыялаў).
Акуратна чысьцім бруд вакол гарлавіны, каб нічога не трапіла ўнутр.
Заліўны корак разам з ушчыльняльнай меднай пракладкай
Мяняем медную пракладку на заліўным корку на новую. Тут не ашчаджаем.
Далей нам трэба адмерыць дакладна 180мл алею і заліць яго ў рэдуктар. Я выкарыстоўваў звычайны медыцынскі шпрыц на 100мл з звычайнай аптэкі.
Звычайны медыцынскі шпрыц на 100 мл
Закручваем заліўны корак дынамаметрычным ключом з момантам 25Нм.
Далей вяртаем на месца задняе кола (60 Нм) ды пырскавік (3 Нм, ужываем фіксатар разьбы сярэдняй моцнасьці).
Вось і ўсё!
Вы - малайчына! Вы толькі што ашчадзілі каля 210zł (50€) і вы дакладна ведаеце, што і колькі ў вас заліта ў рэдуктар.



