Матацыклам па Андалузіі, ч.15: траса А-366, фінал
травень 14, 2026Вітаю ў пятнаццатай і апошняй частцы майго падарожжа па Андалузіі!
С пасылка на папярэднюю частку пра Гібральтар - брытанскую заморскую тэрыторыю, стратэгічна важны анклаў на ўваходзе ў Міжземнае мора.
Некалькі слоў перад пачаткам
Падарожжа адбылося ажно ў 2023 годзе і больш за два гады я апісваў свой досьвед тут. Шчыра кажучы, я не спадзяваўся, што гэта будзе трываць так доўга і, здаецца, пераацаніў свой вольны час і аб'ём працы, які патрэбны каб упарадкаваць і дакладна апісаць трохтыднёвае падарожжа. Я вельмі рады, што атрымалася давесьці пачатую справу да канца, але на будучыню, ў выпадку такіх доўгіх падарожжаў, пляную факусавацца на маршрутах і вартых наведваньня пунктах больш павярхоўна. Дзякуй што чыталі, альбо не чыталі гэтую серыю пастоў :)A-366
У якасьці фінальнага акорда я бы хацеў дадаць дарогу, якой мы вырашылі вяртацца з Марбэльі ў Малагу. Фатаздымкаў будзе няшмат: трошкі паздымаў на тэлефон, тое-сёе на камеру - ўжо проста не было сіл, але траса напэўна вартая ўвагі.
Дарога А-366 пралягае праз ужо вядомы нацыянальны парк Сьера-дэ-лас-Ньевес(мы ўжо закранулі яго ў дванаццатай частцы), але гэтым разам пасля Ронды мы паедзем на ўсход у кірунку гарадка Эль-Бурга(гішп. El Burgo) і далей на Малагу.
Падымаемся ў горы па маляўнічай А-397. На вышыні туман, з-пад шэрага неба, быццам зніадкуль з'яўляліся скалы і горы.
Было холадна і ветрана, ня вельмі хацелася злазіць з матацыкла, але я не мог не зрабіць фота гэтых абсалютна касмічных краявідаў.
Рушым далей дарогай А-366, поўнай серпанцінаў ды сляпых паваротаў.
Побач з дарогай была невялічкая паркоўка і знак, што наперадзе аглядальны пункт Mirador del Guarda Forestal, вырашылі спыніцца каб трошкі выпрастаць ногі ды сагрэцца і гэта быў стрэл у дзясятку, вы толькі паглядзіце якія шыкоўныя віды адкрыліся нам!
Паважлівы чытач заўважыць грунтоўныя дарогі ўнізе на апошнім фота, па іх бачыў як каталася група эндура-матацыклаў. Можа калі-небудзь і я там пакатаюся ў афроўдзе...
Рушым далей. Навокал вось такія цудоўныя краявіды.
Выпадкова мы знайшлі ідэальнае месца на абед з шыкоўным відам на даліну - Mirador de Jorox.
Моцна раю, варта нават проста пасядзець паглядзець на прыгажосьць навокал. Па-за сезонам рух амаль нулявы: цішыня і спакой.
Далей, на жаль, разам з з'ездам з гор уніз сконьчваюцца цікавосткі і краявіды гэтай трасы, як і няўхільна набліжаецца да свайго канца нашае падарожжа.
Невялічкае відэа з трасы:
Траса А-366
Фініш
Кіруемся ў бок складу ў прыгарадзе Малагі, каб аддаць матацыкл падрыхтаваць матацыкл да транспартаваньня.
Агулам я застаўся вельмі задаволены з супрацоўніцтва з фірмай Mototravels.pl, раю як сапраўдных прафесіяналаў. У пацьвярджэньне сваіх словаў, скажу што скарыстаўся іх транспартнымі паслугамі яшчэ раз у 2025-2026, каб даставіць матацыкл у Малагу, адкуль я вырушыў у падарожжа ў Марока.
Калі што, гэта ні ў якім разе не рэкляма - мне ніхто нічога не плаціў за гэты водгук.
Матацыкл рыхтуецца да зваротнай дарогі дамоў, а мы карыстаемся апошняй магчымасьцю развітацца з морам.
Час ехаць у аэрапорт і вяртацца дадому і нам. На гэтым нашае падарожжа падышло да канца.
Падсумаваньне
Ня бачу сэнсу рабіць нейкае падсумаваньне, бо калі вы чыталі ўсю серыю пастоў, вы напэўна зразумелі, што Андалузія мае каласальны патэнцыял для мотападарожжаў на любы густ.
Шчыра спадзяюся вярнуцца сюды ізноў, тут яшчэ шмат дарог, якія варта праехаць.
Дзякуй за ўвагу!
