Замена сьвечаў запальваньня ў BMW R1250GSA
чэрвень 20, 2025Перадгісторыя
2 гады таму, калі на лічыльніку матацыкла было каля 16 тысяч, я заўважыў дзіўныя паводзіны матацыкла: калі рэзка дадаць газу пад нагрузкай(напрыклад 6 перадача з хуткасьцю 120км/г), адчувалася прасадка моцы і з'яўляўся дзіўны гук, нагадваючы трэск, быццам дэтанацыя ў адным з цыліндраў(правым).
Тады матацыкл быў яшчэ на гарантыі. Я прыехаў у афіцыяльны сэрвіс BMW. Сэрвіс узяў яго на "тэст-драйв", праверыў і даў адказ - норма! А трэск - гэта "так shift-cam працуе". На маё пытаньне, ці дагэтуль ён неяк інакш працаваў што я яго ня чуў, адказу не было.
Ніякіх іншых сімптомаў, памылак рухавіка ці чагосьці іншага не было. Я сабе ездзіў далей, унікаючы рэзкіх манеўраў, пакуль не падышоў час вялікага ТА на 20 тысяч км.
Падчас ТА былі, акрамя ўсяго іншага, замененыя сьвечы запальваньня. Я настойваў на тым, каб мне аддалі старыя: па-першае, каб паглядзець на іх стан, а па-другое, каб мець запасныя на ўсялякі выпадак. На жаль, сэрвіс падчас ТА "забыў", і мне іх у канцы канцоў так і не аддалі.
Гэта дарэчы адна з прычын, чаму я згубіў давер да афіцыялаў: ў сэрвісную зону мне не дазволена заходзіць, старыя дэталі не аддаюць - адкуль я ведаю што яны там робяць і што замяняюць?
Але, найважнейшае - пасля замены сьвечаў запальваньня, матацыкл зноў пачаў працаваць як трэба: ніякіх трэскаў і прасадкі моцы не было. Цікава працуе гэты shift-cam, праўда?
І вось мінула амаль два гады, матацыкл праехаў чарговыя 17 тысяч км і сімптомы паволі вярнуліся зноў. Час мяняць сьвечы запальваньня, але гэтым разам я зраблю гэта самастойна.
Падрыхтоўка
Перш чым нешта рабіць, я заўсёды раблю дасьледаваньне: вывучаю як гэта робяць іншыя, якія дэталі патрэбныя, якія інструменты спатрэбяцца і г.д. Асабліва на такім дарагім і складаным матацыкле як BMW гэта мае сэнс :)
На жаль, інструкцыя да матацыкла гэта амаль 200 старонак тэксту, дзе амаль кожны абзац сканьчваецца як "звяртайцеся да афіцыйнага сэрвісу BMW, там вам усё зробяць". Адразу ўспамінаецца старая кніжка-інструкцыя на матацыкл Урал, якая ішла разам з ім і па якой можна было зрабіць яшчэ адзін такі Урал самастойна.
На шчасьце, у інтэрнэце яшчэ ёсьць добрыя людзі, якія крадуць працу ў сэрвісаў дзеляцца сваім досьведам і ведамі. Дзякуючы ім, стала зразумела, што замена сьвечаў запальваньня ў BMW R1250GSA - гэта
ня вельмі складаная працэдура, але трэба мець як мінімум:
- добры набор інструментаў, а дакладна torx-галовак, каб адкруціць дугі(для версіі Адвэнчэр), бо інакш ня будзе доступу да сьвечаў
- спецыяльную прыладу, каб выцягнуць катушку з сьвечнага калодзежа цыліндра. Без яе ёсьць рызыка пашкодзіць катушку, якая каштуе 150€.
- мець спецыфічную доўгую, але тонкую галоўку на 15мм, каб адкруціць сьвечу і выцягнуць яе
- дынамаметрычны ключ, каб дакруціць сьвечы да патрэбнага моманту
Пакупка дэталяў і інструментаў
Перш за ўсё, я набыў прыладу да выцягваньня катушак на аліэкспрэсе. Апошнім часам аліэкспрэс здзіўляе сваёй хуткасьцю дастаўкі, ну і цэнамі вядома.

Адразу скажу што, не раю набываць плястыкавую версію(якую набыў я) - плястык вельмі кволы, лепей набыць трошкі даражэйшую металічную версію.
Набор інструментаў у мяне быў, але вось дынамаметрычны ключ, які бы меў патрэбны момант у 12 Нм і 1/2" сокет ў добрай цане знайсці не атрымалася.
Сьвечы я набыў паводле дакументацыі: NGK LMAR8AI-10, але па-за афіцыйным салонам BMW, бо розніца была амаль 2 разы: 55zł(13€) у звычайнай краме супраць 106zł(25€) у салоне.




Замена сьвечы левага цыліндра
Пачынаем з левага цыліндра. Зверху маленькі ніт, torx 25 здаецца. Адкручваем яго і здымаем плястыкавую крышку.

Ахоўная дуга тут амаль не перашкаджае, мяне лянота было здымаць яе. Пад крышкай нас сустракае катушка запальваньня з канэктарам і дратамі.


Катушка сядзіць вельмі упэўнена. Выцягнуць яе голымі рукамі напэўна магчыма, але гэта не падаецца мне добрай ідэяй. Зорны час для прылады з аліэкспрэсу, прымяраю ці яна ўвогуле падыходзіць, бо як не - то прыйдзецца ўсё адмяняць.


Усё падышло і нават атрымалася трошкі разварушыць катушку. Паўтаруся, лепей мець металічную версію прылады, бо танны кітайскі плястык так гуляе, што нейкім наступным разам можа і ня вытрымаць.
Далей адключаем канэктар ад катушкі, бо інакш дрот не дасі выцягнуць катушку з калодзежа.

Каб гэта зрабіць трэба падняць шэры фіксатар уверх, сціснуць замок і пацягнуць канэктар уверх. Ён там добра сядзіць, таму павольна і асьцярожна.


Цяпер нам нічога не перашкаджае выцягнуць катушку з калодзежа з дапамогай аліэкспрэсаўскай прылады. Увага, яна таксама сядзіць вельмі шчыльна:

Быў вельмі рызыкоўны момант, што галоўка ключа будзе занадта тоўстая і не ўлезе ў калодзеж, але прымерка паказала, што ўсё добра.

Адкручваем і выцягваем сьвечу. Звярнуў увагу на тое, што сьвеча была вельмі лёгка закручана.

Нагар з трошкі белым адценьнем, што азначае высокую тэмпературу спальваньня, а гэта ў сваю чаргу можа быць адзнакай беднай сумесі. Ну і цэнтральны электрод выглядае быццам трошкі абпалены.

На карбюратарным матацыкле я ведаю што рабіць у такім выпадку. Тут жа інжэктар. Рэгуліроўка фарсункі? Ня ведаю, трэба разьбірацца.

Зьвярніце ўвагу на адрозьненьне ў маркіроўцы: сьвечка ад BMW мае такую ж маркіроўку, але напісаную іншым колерам і шрыфтам(плюс нейкі дадатковы нумар), да таго ж заветныя тры літары BMW.

Вельмі цікава ці гэта сапраўды іншая сьвеча менавіта пад BMW ці проста нейкі маркетынг? На маю думку, калі маркіроўка супадае - розніцы быць не павінна. Паглядзім як яны будуць працаваць.
У сувязі з адсутнасьцю дынамаметрычнага ключа, давялося дакручваць сьвечу "на вока", але закруціў мацней чым было. Спадзяюся нічога дрэннага разьбе не зробіцца.
Усё сабраў у зваротнай паслядоўнасьці, там ужо нічога складанага няма.
Замена сьвечы правага цыліндра
А вось тут не абысьціся без здыманьня ахоўнай дугі - сьвечны калодзеж знаходзіцца акурат пад дугой.


Для гэтага спатрэбяцца torx-галоўкі T40, T45, T50. Можна не здымаць дугу цалкам, а толькі аслабіць некаторыя ніты, каб адсунуць дугу ў бок.



А вось каб дабрацца да апошняга чацьвёртага ніта, мне прыйшлося сабраць вось такую канструкцыю з усяго што было пад рукой:

Далей паслядоўнасьць крокаў тая самая, што і з левым цыліндрам.
Правая сьвеча была яшчэ слабей закручана. Мне падалося што я нават рукой мог бы яе адкруціць - гэта дакладна не 12 нм як мае быць. Вось як яна выглядае:

Тое самае белае адценьне, толькі больш яскравае. Вельмі цікава.
Падсумаваньне
Пасля замены сьвечаў запальваньня, матацыкл зноў пачаў працаваць як трэба: трэск зьнік разам з паляпшэньнем дынамікі ў гострыя моманты, меньш рыўкоў на нізкіх абаротах і больш мяккая праца. Здаецца, што ХХ зрабіўся больш стабільным, але тут трэба было б неяк больш дакладна параўнываць.
Цікавае пытаньне з белым нагарам. Таксама не разумею чаму сьвечы "сконьчыліся" па 17 тысячах кіламетраў: у машыне яны ходзяць і па 60 тысяч. Тым больш што тут вадзянае астуджэньне як у машыне, сьвечы фірмовыя і не зусім танныя.
Кошт замены - гадзіна майго вольнага часу. Як бачыце - нічога складанага, калі падрыхтаваць ўсё загадзя і мець патрэбныя інструменты. Кошт замены ў афіцыйным сэрвісе - каля 50€(станам на 2023).
Спадзяюся мой досьвед таксама будзе камусьці карысны.
Дзякуй за увагу!