← назад

Sena S50: досьвед выкарыстаньня і замена батарэйкі

ліпень 23, 2025

Вітаю, шаноўнае спадарства!

Актыўна карыстаюся інтэркомам Sena 50S ўжо каля дзьвух з паловай гадоў і хачу падзяліцца сваім досьведам замены батарэйкі, якая нечакана хутка знасілася.

Перадгісторыя: параўнаньне з кітайцамі і чаму я выбраў менавіта Sena 50S

Спачатку я б хацеў падзяліцца агульнымі ўражаньнямі ад Сены і параўнаць з уласным досьведам выкарыстаньня кітайскіх інтэркомаў.

Я шмат гадоў карыстаўся кітайскімі ноў-нэйм інтэркомамі(Interphone, Lexin) у рэжыме пілот-пасажыр. Яны былі даволі танныя, але добрыя як на свае грошы.

Lexin ET Com
Lexin ET Com

Плюсы:

  • вельмі даступная цана
  • вельмі трывалая батарэйка: асабліва мне падабаўся Lexin ET, якога мне хапала на 2-3 дні актыўнага выкарыстаньня ў падарожжы
  • неблагая якасьць гуку падчас размовы
  • шмат розных аксэсуараў

Мінусы:

  • кітайцаў фактычна немагчыма падлучыць да іншых інтэркомаў(нават кітайскіх)
  • кепскае неінтуітыўнае кіраваньне
  • слабенькае шумапрыглушэньне

Матацыклы BMW маюць убудаваную сістэму падтрымкі інтэркомаў, якая дазваляе кіраваць гукам проста з руля, але яна працуе толькі з інтэркомамі BMW, якія вядома каштуюць цэлы маёнтак.

У пэўным моманце мне зрабілася вельмі некамфортна, асабліва бяручы пад увагу як нязручна кіраваць кітайцамі, што я не магу рэгуляваць гучнасьць з руля - асабліва падчас язды па горадзе. Я спрабаваў, але кітайскія інтэркомы ў мяне так і не атрымалася спалучыць з матацыклам - ён іх нават ня бачыць.

Паскардзіўся аднаму знаёмаму матацыклісту на цяжкую долю, а ён зьвярнуў маю ўвагу на той факт, што BMW уласна нічога з аксэсуараў ня робіць, а толькі брэндзіруе іх ад іншых вытворцаў ды перапрадае.

Невялічкі пошук прывёў мяне да таго, што інтэркомы BMW гэта насамрэч Sena, таму няма сэнсу пераплочваць за брэнд - можна купіць арыгінальную Сену і матацыкл не пабачыць аніякай розніцы :)

Я доўга выбіраў і спыніўся на 50-ай серыі, як на самай сьвежай на той момант. У выбары паміж 50R і 50S, перамагла апошняя, бо я ўжо меў досыць кіраваньня гучнасьцю з дапамогай кнопак пасля кітайцаў - мне хацелася каб было кола, лічу што гэта самы хуткі і найбольш зручны спосаб.

Так у 2023 годзе я стаў шчасьлівым уладальнікам інтэркома Sena 50S у версіі Harmon&Kordon з палепшанымі слухаўкамі.

Найбольш выгадна было купляць у версіі dual - для сябе і пасажыра
Найбольш выгадна было купляць у версіі dual - для сябе і пасажыра

Коратка пра яго плюсы і мінусы пасля 2.5 гадоў выкарыстаньня.

Плюсы:

  • добрая якасьць гуку падчас размовы
  • добрае шумапрыглушэньне
  • зручнае кіраваньне гукам з дапамогай кола
  • магчымасьць кіраваньня голасам
  • сумяшчальнасьць з BMW
  • сумяшчальнасьць з іншымі інтэркомамі напрыклад Cardo(але толькі ў рэжыме bluetooth)
  • магчымасьць падлучэньня ў Mesh сетку з іншымі інтэркомамі Sena

Мінусы:

  • цана
  • слабая батарэйка: у падарожжах хапае на дзень у рэжыме bluetooth, mesh - яшчэ меньш
  • батарэйка зносілася праз 2.5(!) гады выкарыстаньня - гэта ўжо поўны гамон шчыра кажучы
  • Sena хлусіць пра дальнасць злучэньня: абяцаюць сувязь ажно да 2 км, але на самой справе, ў рэальных варунках, па-за горадам 500м гэта максімум, у горадзе і таго менш.

З батарэйкай канешне гэта поўнае фіяска. Яна проста перастала трымаць зарад: нібыта зараджалася за 5 хвілін, а потым губляла разраджалася з хуткасьцью адсотка ў пару секунд. Асабліва гэта было адчувальна ў халоднае надвор'е, калі яна зусім адмаўлялася працаваць.

Зрабіў памер тэсцерам пасля глыбокай разрадкі, але так і не дачакаўся поўнага зараду: увесь час было 99% таму сказаць, якая фактычна засталася ёмістасьць складана. Але відавочна што гэта нашмат меньш за базавыя 1000mAh, ды й батарэйка паводзіць сабе неадэкватна.

Зрабіў памер тэсцерам, але так і не дачакаўся поўнага зараду
Зрабіў памер тэсцерам, але так і не дачакаўся поўнага зараду

Праблема вядомая - увесь інтэрнэт поўніцца скаргамі на нізкую якасьць батарэек Сены. Але што мяне ўразіла, дык гэта адсутнасьць афіцыйнага сэрвісу па замене батарэек: калі вам "пашанцавала" і інтэрком яшчэ на гарантыі, то вам яго замяняюць задарма. Але калі гарантыя скончылася, то вам прапануюць... купіць новы інтэрком. Нават арыгінальную батарэйку купіць нельга.

Вельмі зручна, брава Сена!

Выбар і пакупка батарэйкі

Купляць новы інтэрком канешне не варыянт - я пакуль што не настолькі багаты. Прыйшлося звярнуцца да кітайскіх сяброў, якія выпускаюць батарэйкі на ўсе выпадкі жыцьця.

Арыгінальная батарэйка мае 1000mAh ёмістасьці, але кітайцы прапануюць ад 1100mAh ажно да 1500mAh коштам ад 6-23€. Вельмі цікава.

Джэнэрык-кітайская батарэйка ажно на 1500mAh!
Джэнэрык-кітайская батарэйка ажно на 1500mAh!

Я зрабіў невялічкае даследаваньне і знайшоў водгукі людзей, якія рабілі тэсты ёмістасьці гэтых батарэек. Апынулася, што 1500 кітайскіх mAh часамі нават менш за 1000mAh арыгінальных. Да таго ж з кітайскімі батарэйкамі можна не трапіць у размер, а месца ўнутры інтэркома досыць абмежаванае.

Ну і галоўная праблема, што ўсе гэтыя батарэйкі - татальны ноў-нэйм, таму немагчыма купіць нешта праверанае.

На адным з форумаў я знайшоў інфармацыю, што нібыта Сена выкарыстоўвае батарэйкі ад кітайскай фірмы Cameron Sino, альбо прынамсі батарэйкі гэтай фірмы маюць якую-нейкую якасьць і рэпутацыю.

Cameron Sino YT102540P CS-SMH300S 1100mAh
Cameron Sino YT102540P CS-SMH300S 1100mAh

Фактычна, апынулася што купіць гэтыя батарэйкі ня так і проста, бо прапановаў няшмат і параўнаньні да ноў-нэймаў. Да таго ж дастаўка займае каля 2 месяцаў, што на аліэкспрэсе, што на амазоне і гэта мне не зусім падыходзіла, бо інтэрком амаль не працуе ўжо зараз.

У адчаю я вырашыў пашукаць па польскіх інтэрнэт-крамах і, о дзіва, знайшоў апошнюю батарэйку Cameron Sino 1100mAh ў адной з радыёаматарскіх крам, дзе дастаўка займае ўсяго некалькі дзён. Кошт 49zł ці ~11.5€ Гэта знак!

Замена батарэйкі

Пачынаем разбіраць інтэрком. На адваротным баку знаходзяцца 7 нітаў: 5 з якіх залітыя сіліконам(зялёныя стрэлкі) і 2 звычайныя(чырвоныя):

На адваротным баку знаходзяцца 7 нітаў
На адваротным баку знаходзяцца 7 нітаў

Сілікон лёгка выдаліць з дапамогай тонкай шрубоўкі ці шыла:

Сілікон лёгка выдаліць з дапамогай тонкай шрубоўкі ці шыла
Сілікон лёгка выдаліць з дапамогай тонкай шрубоўкі ці шыла

Далей спатрэбяцца плястыкавыя лапаткі каб зняць кола кіраваньня інтэркома. У тэорыі можна гэта зрабіць плястыкавымі карткамі, калі такіх лапатак няма пад рукой:

Далей спатрэбяцца плястыкавыя лапаткі каб зняць кола кіраваньня інтэркома
Далей спатрэбяцца плястыкавыя лапаткі каб зняць кола кіраваньня інтэркома

Яно вельмі добра сядзіць на шпіндалі, таму сцягваць яго трэба акуратна, без надмернай сілы, пакручваючы ў розныя бакі:

Сцягваць кола трэба акуратна, без надмернай сілы, пакручваючы ў розныя бакі
Сцягваць кола трэба акуратна, без надмернай сілы, пакручваючы ў розныя бакі

Гатова. Тут нічога ня трэба адкручваць. Уважліва каб не ўлезьць у сілікон, якім там усё нашмаравана:

Тут нічога ня трэба адкручваць. Уважліва каб не ўлезьць у сілікон, якім там усё нашмаравана
Тут нічога ня трэба адкручваць. Уважліва каб не ўлезьць у сілікон, якім там усё нашмаравана

Цягнем покрыўку акуратна на сябе і зазіраем ва ўнутранасьці інтэркома:

Цягнем покрыўку акуратна на сябе
Цягнем покрыўку акуратна на сябе

Унутранасьці інтэркома
Унутранасьці інтэркома

Наступны крок - трэба адлучыць канэктары ад галоўнай платы, бо яны фіксуюць яе знізу. Тут нам спатрэбіцца фен(можа быць нават звычайны для сушкі валасоў), каб трошкі разагрэць клей, якім плата з канэктарамі прылепленая да корпусу інтэркома. Гэта дазволіць лёгка іх адлучыць:

Наступны крок - трэба адлучыць канэктары ад галоўнай платы, бо яны фіксуюць яе знізу
Наступны крок - трэба адлучыць канэктары ад галоўнай платы, бо яны фіксуюць яе знізу

Прагрэўшы фенам, плату з канэктарамі лёгка падчапіць чымсьці вострым. Я выкарыстоўваў нож:

Прагрэўшы фенам, плату з канэктарамі лёгка падчапіць чымсьці вострым
Прагрэўшы фенам, плату з канэктарамі лёгка падчапіць чымсьці вострым

Знятыя канэктары
Знятыя канэктары

Далей выцягваем галоўную плату. Яна мацуецца на дзьвух канэктарах да іншай платы, якая застаецца нерухомай у корпусе. Трэба асьцярожна пацягнуць плату на сябе, не ў бок, каб не пашкодзіць канэктары:

Далей выцягваем галоўную плату
Далей выцягваем галоўную плату

Цяпер мы нарэшце маем доступ да батарэйкі
Цяпер мы нарэшце маем доступ да батарэйкі

Батарэйка прыклеена на двухбаковы скотч. Адчапляем канэктар і акуратна выцягваем яе.

Батарэйка прыклеена на двухбаковы скотч
Батарэйка прыклеена на двухбаковы скотч

Відаць, што новая батарэйка крыху большая, чым старая. Гэта можа быць праблемай, але спрабуем, можа зьмесьціцца.

Відаць, што новая батарэйка крыху большая, чым старая
Відаць, што новая батарэйка крыху большая, чым старая
Новая батарэйка крыху большая, чым старая
Новая батарэйка крыху большая, чым старая
У мяне не было пад рукой такога тонкага двухбаковага скотчу, таму прыйшлося адляпіць са старой батарэйкі і прыляпіць на новую
У мяне не было пад рукой такога тонкага двухбаковага скотчу, таму прыйшлося адляпіць са старой батарэйкі і прыляпіць на новую

Раю яшчэ правяраць колер правадоў на канэктары, бо бачыў водгукі што кітайцы, асабліва ў ноў-нэйм батарэйках, часта блытаюць палярнасьць.

Прабуем ўставіць новую батарэйку.
Прабуем ўставіць новую батарэйку.

Батарэйка ўстала вельмі шчыльна, ледзьве зьмясьцілася. Не ўяўляю як бы зьмясьцілася з рэальнай ёмістасьцю 1500mAh. IMG 5396

Фіксуем плату канэктарамі
Фіксуем плату канэктарамі

Час праверыць ці працуе інтэрком увогуле. Лямпачка мігае - зьбіраем далей.

Час праверыць ці працуе інтэрком увогуле
Час праверыць ці працуе інтэрком увогуле

На ўсялякі выпадак, уключыў трансляцыю музыкі з тэлефона і рэжым мэш, каб паглядзець як пад ціскам батарэйка будзе трымаць зарад. Выглядае што ўсё добра: адсоткі не зьмяняюцца штосекунду, як было раней.

Уключыў трансляцыю музыкі з тэлефона і рэжым мэш, каб паглядзець як пад ціскам батарэйка будзе трымаць зарад
Уключыў трансляцыю музыкі з тэлефона і рэжым мэш, каб паглядзець як пад ціскам батарэйка будзе трымаць зарад

Апошні крок: замацоўваем новым сіліконам ніты, якія былі залітыя раней.
Апошні крок: замацоўваем новым сіліконам ніты, якія былі залітыя раней.
Канчатковы вынік
Канчатковы вынік

Падсумаваньне

Вось і ўсё. Інтэрком адноўлены і гатовы да выкарыстаньня.

Вельмі цікава як будзе сабе паводзіць новая батарэйка, асабліва ў халодныя часы.

Замена ня вельмі складаная, але патрабуе некаторых навыкаў і інструмэнтаў. Кошт такой замены даволі нізкі ў параўнаньні з коштам новага інтэркома. Зразумела чаму Sena ня хочуць ім займацца, ну і добра што ёсьць кітайцы з сваімі запаснымі батарэйкамі.

Дзякуй за ўвагу!

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025