Водгук на кампрэсар Xiaomi Mi Portable Air Pump 2
травень 22, 2025Вітаю шаноўнае спадарства!
У гэтым артыкуле я хацеў бы падзяліцца сваім досьведам выкарыстаньня партатыўнага кампрэсару ад Xiaomi Mi Portable Air Pump 2.

Рабіць агляд самога кампрэсара я не буду - іх дастаткова ў інтэрнэце, на любы густ. Гэты кампрэсар я выкарыстоўваў каля аднаго года, галоўным чынам каб напампоўваць кола матацыкла пасля афроўду.

Кампрэсар агулам мне спадабаўся: кампактны, лёгкі, з убудаваным акумулятарам, які ў мяне аніводнага разу не атрымалася разрадзіць у нуль, нават калі напампоўваў кола ў некалькіх матацыклах запар.
Спрабаваў пампаваць аўтамабільныя колы - атрымалася, хоць і робіць ён гэта адчувальна доўга.
З галоўных мінусаў: хацелася б каб ён умеў сам спускаць ціск у колах, але ён умее толькі пампаваць :(
Усё было добра да апошняга выязду, калі я падчас вяртаньня з афроўда на асфальт пампаваў кола і выпадкова паставіў яго на зямлю. Раптам я пачуў трэск і хруст, які не азначаў нічога добрага - відавочна малоўся пясок унутры. Кампрэсар запавольніўся, але аднак здолеў напампаваць кола мне і сябру.
Разборка і першы агляд
Дома кампрэсар чакала разборка і дыягностыка. Працэс разборкі падрабязна апісваць ня буду - у інтэрнэце ёсьць шмат відэа, як гэта зрабіць.
Шчыра кажучы, я пашкадаваў што не паглядзеў як ён зроблены ўнутры раней :(
Як я і меркаваў, унізе знаходзіцца вентылятар, які зацягвае паветра і накіроўвае яго скрозь увесь корпус кампрэсара, каб астуджаць прыладу.

І тут вельмі істотны момант - у гэтым месцы няма аніякага фільтру паветра, толькі дзіркі ў крышцы, якія ўратуюць хіба што ад нейкіх вялікіх каменьчыкаў.



Вы толькі паглядзіце колькі пылу і пяску ўнутры, я насамрэч вельмі здзіўлены і раззлаваны адначасова.

Электроніка і агулам канструкцыя выглядаюць вельмі грунтоўна - няма адчуваньня таннага плястыку з аліэкспрэсу, калі пасля разборкі ўжо й няма чаго зьбіраць, толькі клеіць.

У якасьці батарэй выкарыстоўваюцца дзве літый-іённыя батарэі 18650, якія можна замяніць у разе патрэбы.

Механічная частка
Пераходзім да найважнейшай часткі прылады - ягонага механічнага сэрца.

Тут усё выглядае таксама досыць сур'ёзна: усе вузлы на падшыпніках. Відаць сляды змазкі, але ўсё ў пыле і пяску.

Была яшчэ нейкая надзея што атрымаецца проста пачысьціць і змазаць і яно запрацуе як раней, але чым далей я разьбіраў, тым больш рабілася зразумела што так ня будзе.
Пылу насамрэч было вельмі шмат, выглядае паскудна :(

Выцягнуўшы поршань, я пабачыў у якіх варунках ён там працаваў унутры:

Час усё дакладна вымыць і вычысьціць:

Нажаль пясок, які трапіў да цыліндра, пакінуў адчувальные драпіны на сьценках цыліндра. Хто мае досьвед з рухавікамі ўнутраннага згарэньня, ведае што гэта азначае.

Калі коратка: гэта галоўная прычына запавольваньня пампаваньня паветра. Гумовая манжэта хутчэй за ўсё таксама знасілася і не зможа забясьпечыць належную герметычнасьць.
Падсумаваньне
Я змазаў ўсё і сабраў зноў. Кампрэсар неяк працуе, але надзейным яго назваць ужо нельга. Да таго ж, я пампую ў колы матацыкла 2.5-3 атм і выпрабаваньні паказалі, што ён кепска дае рады з ціскам вышэй за 2 атмасферы.
З аднаго боку - мне спадабалася канструкцыя ўнутры што я пабачыў: крэпкі плястык, метал, усё прыкручана, нічога не хістаецца і не ламаецца ад дотыку. Відаць, што тут папрацавалі інжынеры.
З іншага боку - адсутнасьць якіх-небудзь фільтраў гэта відавочная запраграмаваная дэградацыя. Тут ужо хутчэй за ўсё папрацавалі маркетолагі.
Я бачыў такую думку, што адсутнасьць фільтраў і вялікая колькасьць дзірак у корпусе была зроблена каб палепшыць вентыляцыю ўнутры прылады, каб яна не перагравалася. Ня ведаю ці гэта праўда, але калі так, то мне цікава дзе мелася на ўвазе будзе выкарыстоўвацца гэты кампрэсар? У стэрыльных варунках у кватэры?
У кожным разе, я напэўна буду шукаць нешта іншае, больш надз ейнае, бо вельмі не хацелася б зноў у разе патрэбы варажыць ці напампуе ён кола ці не. Я б не раіў гэты кампрэсар для выкарыстаньня ў пыльных варунках. І тым больш у нейкіх мокрых варунках - ніякай аховы ад вільгаці тут таксама няма.
P.S. Цікава, але я знайшоў на аліэкспрэсе набор заменных манжэтаў, магчыма яны на нейкі час вырашаць праблему з нізкай прадукцыйнасьцю. Шкада што кітайцы не прадаюць цыліндраў.
Дзякуй за ўвагу!