← назад

Дублікат ключа

травень 3, 2025

Вітаю, шаноўныя чытачы!

У гэтай кароткай нататцы я хацеў бы падзяліцца з вамі лайфхакам, які я падглядзеў на адным з форумаў шчасьлівых уладальнікаў матацыклаў BMW.

Тычыцца ён матацыклаў з бесключавым запускам, менавіта з такой бірулькай, як на фота:

Арыгінальны ключ BMW з бесключавым запускам
Арыгінальны ключ BMW з бесключавым запускам

Металёвая частка самога ключа, як вы хутчэй за ўсё маглі заўважыць, вельмі слабая: у мяне яна далікатна хісталася ў месцы мацаваньня ад самога пачатку. Праверце свае калі ня верыце :)

Металёвая частка самога ключа далікатна хісталася ў месцы мацаваньня ад самога пачатку
Металёвая частка самога ключа далікатна хісталася ў месцы мацаваньня ад самога пачатку

Нават калі вы будзеце рэгулярна шмараваць усе замкі і так ёсьць імавернасьць адламаць гэтую частку ад ключа. Калі гэта здарыцца ў падарожжы - у вас могуць быць вялікія клопаты, калі напрыклад куфры застануцца зачыненыя(і такія выпадкі здараюцца).

Чаму BMW робіць такія хібныя ключы да такога дарагога матацыкла гэта слушнае пытаньне, ня якое ў мяне, на жаль, няма адказу. У выпадку паломкі, афіцыяльны сэрвіс вам канешне паспачувае, але скажа што адзіная опцыя - гэта купляць новы ключ за 250€. Выснавы рабіце ўжо самі :)

Каб не трапіць у такую сітуацыю, можна зрабіць танны дублікат ключа і карыстацца ім, каб адчыняць замкі. У гэтым вам дапамогуць кітайскія сябры: балванка ключа мне каштавала 2€.

Кітайскія балванкі ключэй на любы густ
Кітайскія балванкі ключэй на любы густ

Потым з гэтае балванкай я пайшоў у майстэрню, дзе працуюць нашыя суайчыньнікі. Хлопцы за 15 хвілін і 15€ яны ператварылі яе ў дублікат ключа, які цудоўна адчыняе ўсе замкі на матацыкле - але, вядома, не дазваляе яго запусьціць. Работа там ня вельмі складаная - думаю што такі дублікат кожная майстэрня зможа зрабіць, але заўсёды варта падтрымліваць сваіх.

Вынік: кошт дубліката ўсяго 17€ супраць патэнцыяльных 250€ за новы.

З мінусаў: трэба вазіць з сабой дадатковы ключ.

З плюсаў: не баюся адчыняць замкі ў падарожжы, нават арыгінальным ключом, маючы заўсёды надзейны дублікат пад рукой.

Дзякуй за ўвагу!

© www.motorcycleman.eu: усе правы захаваныя. Пры выкарыстанні матэрыялаў згода аўтара і спасылка на крыніцу АБАВЯЗКОВАЯ, 2022-2025