Другі камплект колаў для BMW R1250GS
сакавік 31, 2026Вітаю!
Некалькі гадоў таму я перайшоў з язды на 100% шасэйных на спачатку шыны 80/20, а потым увогуле на 50/50, бо пазнаёміўся з бездарожжам і насалоджваўся ім.
Спасылка на пост пра мой выбар шын
Летась, падчас аднаго спантаннага падарожжа, якое апынулася ў 100% асфальтавым, я зразумеў, што файна было б мець другі камплект колаў з цалкам шасэйнымі шынамі для такіх выпадкаў.
Замена колаў выглядае ў GS нескладана: задняе кола гэта кансоль з 5 балтамі, пярэдняе - трошкі больш складана, бо трэба вывесіць матацыкл на цэнтральнай падстаўцы, здэмантаваць тармазы(4 балты), потым адкруціць вось і выцягнуць кола.
Адным словам паўгадзіны працы, але такім чынам можна зрабіць матацыкл яшчэ больш універсальным: едзеш палётаць па серпантынах - мантуеш шасэйны камплект, плянуеш нейкае бездарожжа - перакручваеш на 50/50.
Пошук колаў: гатовыя камплекты
Апынулася што мая ідэя не ўнікальная і шмат хто так робіць :D
На мясцовых польскіх барахолках можна набыць адразу гатовыя камплекты колаў, але кошт такога камплекта мякка кажучы быў неадэкватны(асабліва залатыя) - каля 6000zł(1400€). Да таго ж невядома ў якім стане кола, у якім стане чуйнікі TPMS і ці ёсьць яны ўвогуле.
Калі некалі трапляліся колы па добрай цане, але калі я прасіў больш дэталёвыя фоты, апыналася што колы падрапаныя і падфарбаваныя "ў хатніх умовах".
Я разумею, што калі буду ўжываць другі камплект у афроўдзе, я таксама магу яго падрапаць і пашкодзіць, але купляць кола ў такім стане з невядомай мне гісторыяй мне не хацелася, бо рамонт будзе каштаваць даражэй за кошт такога кола, дый яшчэ добрага майстра трэба знайсьці.
Пошук колаў: канструктар для дарослых
Таму я пачаў разглядаць варыянт зборкі колаў самому. Я падлічыў што калі купіць асобна ўсе кампаненты, то выйдзе танней, альбо прынамсі не даражэй за гатовыя камплекты, але пры гэтым я буду ўпэўнены што будзе ўнутры.
Асаблівасьцю польскага рынку з'яўляецца тое, што мясцовыя гандляры заўсёды імкнуцца зарабіць максімум: нават абады прадаюць без вентыляў, альбо з ступіц скручваюць абсалютна ўсё, што можна скруціць і прадаюць асобна.
І вось аднойчы мне пашанцавала знайсьці ў добрай цане камплектныя абады са ступіцамі: перад - ужываны, зад - цалкам новы. Чорны не зусім мой колер канешне, бо я хацеў таксама залатыя як мае арыгінальныя, але цана 3000zł(700€) за абодва - гэта была вельмі добрая прапанова, таму я не раздумваючы купіў іх.
Праверка выявіла што пярэдні вобад мае невялічкае біцьцё, але агулам у вельмі добрым стане і хутчэй за ўсё на афроўдных шынах яно і так будзе не заўважальным.
Задні вобад фактычна зусім новы, нават ніколі шыны на ім не было.
Пошук частак: вобад спідометра
Абады прыйшлі голыя - без нічога, таму распачаўся пошук частак, якіх не хапала.
Першае - гэта вобад спідометра(34 52 9 480 186), які ўсталёўваецца на пярэднім коле і супрацоўнічае з датчыкам хуткасці.
Новы ў BMW каштуе каля 200zł(55€), але я знайшоў бэўшны, у добрым стане ўсяго за 70zł(16€).
Ніты(07 12 9 907 433) каштуюць у BMW каля 8zł за штуку, але прадаюцца толькі камплектамі па 10 штук за 80zł(18€). Гандляр пагадзіўся мне прадаць 5 штук за 30зл(7€).
Можна канешне было б пайсьці пашукаць у будаўнічай краме падобныя ніты за значна меншыя грошы, але мне не хацелася бавіцца ў настолькі складаныя пошукі.
Пошук частак: тармазныя дыскі
Тармазных дыскаў і нітаў да іх канешне таксама не было.
Арыгінальны дыск(34 11 8 526 566) каштуе каля 820zł(180€) за адзінку, то бок 1640zł(360€) за абодва. Я палічыў, што мне насамрэч бяз розніцы які дыск будзе сьцірацца на бездарожжы: арыгінал ці не арыгінал, таму набыў камплект заменнікаў за 500zł(110€) за абодва дыскі. Бэўшныя дыскі я не разглядаў, бо пры такім кошце заменьнікаў гэта по-прасту ня мае сэнсу.
Нітаў да тармазных дыскаў(34 11 7 700 989) трэба ажно 10 штук: арыгіналы па 13zł(3€) за штуку ці 130zł(30€) за камплект, але ў мяне атрымалася знайсьці камплект ужываных за 50zł(11€).
Пошук частак: чуйнікі TPMS
Арыгінальныя чуйнікі TPMS (36 31 8 567 683) каштуюць каля 450zł(105€) за штуку, то бок 900zł(210€) за абодва. Занадта дорага як для кол, якія і так будуць ужывацца большасьць часу з выключаным RDC.
Шмат хто ўвогуле не мантуе чуйнікі ў афроўдны камплект колаў, але я хацеў бы мець на ўсялякі выпадак, таму набыў кітайскія клоны за 56zł(13€) за абодва. У іх зьмешаныя водгукі, але розніца ў цане такая вялікая, што я гатовы рызыкаваць.
Каб абудзіць чуйнікі і прывязаць іх да матацыкла спатрэбіцца спецыяльная прылада TPMS EL-50448. Таксама купіў у кітайскіх сяброў за 20zł(5€), таксама клон арыгінальнай прылады.
Пошук частак: вентылі
Вентылі я хацеў толькі кутныя (36 31 8 388 689), бо яны вельмі зручныя ў выкарыстаньні.
Тут на жаль няма опцый акрамя як набыць арыгінальныя, бо ніхто іх яшчэ не скраў скапіяваў.
Кошт аднаго вентылю каля 160zł(38€), але ў мяне атрымалася набыць абодва за 276zł(65€).
Зьбіраньне пярэдняга кола
Час замантаваць усе часткі пазлу разам і сабраць кола.
Усе ніты ўкручваюцца толькі разам з фіксатарам разьбы ці разьбовым клеем!Лепей зацягваць дынамаметрычным ключом з адпаведным момантам, калі ён ў вас ёсьць.
Моманты можна паглядзець тут.
З заднім колам усё прасцей - там няма нічога, нават тармазны дыск мацуецца да кансолі.
Праверка кітайскіх чуйнікаў TMPS
Перад тым як рушыць на шынамантаж, я вырашыў праверыць ці працуюць кітайскія чуйнікі TMPS і ці можна іх прывязаць да матацыкла.
Для гэтага спатрэбіцца Motoscan, сканер UCSI-2100 ды прылада TPMS EL-50448.
Падключаемся да матацыкла і правяраем што за кантролер TPMS у нас стаіць - у маім выпадку гэта Schrader.
Далей правяраем колькі слатоў для чуйнікаў падтрымлівае наш кантролер, на экране можна пабачыць id нумары актуальных чуйнікаў:
На жаль, тут мяне чакала расчараваньне: мой падтрымлівае толькі адзін камплект. Гэта азначае, што кожны раз акрамя фізычнай замены колаў, трэба будзе яшчэ падключацца сканерам і перабіваць id нумары чуйнікаў аднаго камплекта на іншы.
Некаторыя старыя кантролеры(па чутках да 2016) падтрымліваюць два камплекты, і здаецца GSы пасля 2022 года таксама. Ну нічога, ужо позна адчайвацца.
Правяраем ці пабачыць матацыкл кітайскія чуйнікі: для гэтага актывуем чуйнік з дапамогай TPMS EL-50448 і потым шукаем яго ў Motascan. Я прывязваў у якасьці пярэдняга кола.
Цудоўна! Усе чуйнікі працуюць. На ўсялякі выпадак пішу id нумары на корпусе і запісваю ў нататнік, каб не заблытаць іх пры замене колаў.
Вяртаю арыгінальны пярэдні id нумар: для гэтага актывую яго з дапамогай TPMS EL-50448 і потым шукаю ў Motascan.
Кароткае відэа як выглядае кантроль TMPS у Motoscan:
Кароткае відэа як выглядае кантроль TMPS у Motoscan
Шынамантаж
На жаль не зрабіў фота мантажу сваіх чуйнікаў, таму прыйшлося пазычыць фота ў інтэрнэце
Вынік
Фінальны кошт:
- Абады са ступіцамі: 3000zł(700€)
- Вобад спідометра і ніты: 100zł(23€)
- Тармазныя дыскі і ніты: 550zł(120€)
- Чуйнікі TPMS і прылада для іх актывацыі: 76zł(17€)
- Вентылі: 276zł(65€)
Разам: 3926zł(900€) супраць гатовых камплектаў ад 6000zł(1400€) і вышэй.
У выніку я атрымаў другі камплект колаў для BMW R1250GS, які можна выкарыстоўваць для афроўдных прыгод, не турбуючыся пра знос шасэйных шын і не рызыкуючы пашкодзіць іх.
