BMW Motorrad Days 2025
верасень 30, 2025Вітаю шаноўнае спадарства!
Калі вы чыталі справаздачу з мінулага году, то памятаеце што я быў незадаволены як арганізацыяй, так і трасай Adventure у 2024 годзе.
Спасылка на леташні BMW Motorrad Days 2024
Я шчыра спадзяваўся, што арганізатары выберуць больш цікавую лакацыю ў наступным годзе. Але, з невядомых мне прычын, BMW Motorrad Days 2025 зноўку адбылася ў тым жа месцы - у польскай Вісле(Wisła), на пляцы каля трампліна Malinka.
Каб было не так сумна, сёлета упершыню я вырашыў удзельнічаць у самай складанай афроўднай трасе - GS Challenge. За гэты год я трошкі патрэнаваўся, маю адпаведныя пакрышкі - час паспрабаваць свае сілы.
Дэталі трас на жаль былі недаступныя амаль да апошняй хвіліны, таму білет купляўся безвач.
Тыдзень перад мерапрыемствам апынулася што:
- Турыстычная траса складае каля 185км і праходзіць па тэрыторыі Польшчы, Чэхіі і Славакіі
- Adventure складае ажно 245(!) км і будзе праходзіць па асфальце і афроўдзе
- GS Challenge складае 170км афроўду і будзе мець спецыяльные пункты з перашкодамі і заданьнямі
Аднаму мне здаецца дзіўным што турыстычная траса, якая ідзе ў ста адсотках па асфальце, мае даўжыню меншую за Adventure?
Пятніца - мястэчка BMW каля Малінкі
Было цудоўнае цёплае надвор'е. Агулам здаецца матацыклаў было быццам больш чым летась.
Гастранамічная зона была трошкі большая за мінулую, але ўсё роўна паўсюль былі чэргі. Агулам, было ўражаньне, што я трапіў у машыну часу і апынуўся ў 2024 годзе - нават рэклямныя палаткі былі на тых жа месцах. УСЁ ТОЕ САМАЕ.
Мы прыехалі адносна рана, каб пасьпець спакойна паглядзець на фірмовы мерч. Былі традыцыйныя зьніжкі, таму вельмі цешуся, што атрымалася набыць сабе фірменную куртку BMW Motorrad Rallye GTX за палову цаны.
На брыфінгу я даведаўся, што гэтым разам зусім іншыя людзі былі адказныя за арганізацыю трас, чым у папярэднія гады.
На трасу Adventure было традыцыйна няшмат людзей. Нічога цікавага на брыфінгу не сказалі. На маршруце трасы ажно пяць
месцаў на паесьці - добры маркетынг, што скажаш:
На GS Challenge людзей было значна больш. У апошні момант арганізатары вырашылі скараціць маршрут з 170 да 145км. Хутчэй за ўсё з нагоды кепскага надвор'я - неба ўжо ўвечары было зацягнута чорнымі хмарамі, па прагнозах - усю ноч і паў-суботы меў падаць дождж.
На трасе будуць тры лакацыі з заданнямі: перашкоды, лес і нейкі пошук рэчаў а-ля гарадскія гульні encounter. Пытаньне колькі ў працэнтных
зносінах будзе на трасе асфальту да грунтовых дарог арганізатары з усьмешкай праігнаравалі(і заўтра я зразумею чаму).
Субота - старт трасы GS Challenge
На жаль, мэтэаролагі не памыліліся - усю ноч ішоў дождж. Сьняданак, дождж нават не зьбіраўся спыняцца, таму трэба стартаваць, няма чаго чакаць.
У мястэчку BMW каля Малінкі было людна. Большасьць апраналася ў дажджавікі каб ехаць на турыстычную. Частка проста чагосьці чакала.
Ад аднаго хлопца побач пачуў, што ён не паедзе на турыстычную, а пачакае пакуль дождж спыніцца і проста возьме новы матацыкл на тэст-драйв пакатацца. Зноў маркетолагі ў плюсе.
Мы зачэкініліся і стартавалі. Ліў дождж. Траса шла асфальтам у кірунку цэнтра Віслы, потым павяртала ў бок гатэляў на гару. Туман канешне дадаваў атмасфернасьці.
Першы чэлендж
На вяршыні было месца першага чэленджа: спецыяльна падрыхтаваная траса, якую трэба было як мага хутчэй праехаць.
Траса выглядала складанай, нават калі было б суха. Ва ўмовах дажду - няма чаго казаць.
Другая палова трасы ішла па камяністым схіле, дзе трэба было некалькі разоў зьмейкай з'ехаць, а потым падняцца назад. Фота не перадае рэчаіснага перападу вышыні, але там было сапраўды крута.
Да таго ж на пад'ёмах былі каварныя каляіны, якія нават самых сьмелых прымушалі класьціся на землю.
Трошкі паназіраўшы, заўважыў што маленькім GSам шло нашмат лепей чым вялікім - фізіку не падманеш, маса бярэ сваё.
На гэтым схіле ў некаторых месцах ўжо было так перакопана папярэднімі ўдзельнікамі, што патрэбная была вонкавая дапамога.
Ацэніўшы свае сілы і магчымасьці, я вырашыў што не буду рызыкаваць і адмовіўся ад удзелу ў чэленджы. Было б вельмі прыкра пашкодзіць сябе ці матацыкл на самым пачатку трасы.
Мае кампаньёны ўдзельнічалі: аднаму з іх нават пайшло вельмі добра і ён, ацаніўшы шанцы на перамогу, вырашыў ціснуць далей як мага хутчэй сам.
Паехалі далей удвох. Дождж сконьчыўся і навокал з-пад туману пачалі з'яўляцца горы.
З'ехаўшы з гары, дарога павяла пераважна асфальтам па мясцовых вёсках. Дзіўны гэты GS Challenge.
Брод
Ня ведаю колькі мы ехалі асфальтам, але ўжо пачало рабіцца нудна. Нарэшце мы трапілі на брод, дзе спаткалі яшчэ двух хлопцаў на вялікіх GSах.
Так разам мы ўжо ехалі да канца, дапамагаючы адзін аднаму.
Пасля броду да нас пад'ехаў мясцовы фермер і казаў што мы знаходзімся на прыватнай тэрыторыі, мы ветліва адказалі што едзем па афіцыйнай трасе ад BMW і канфлікту ўдалося пазьбегнуць.
Арганізатары папярэдзілі што на трасе могуць быць такія сітуацыі, але траса ў большасьці ідзе па дарогах і землях гміны, а нават калі і перасякае прыватныя землі, то ўсе згоды былі атрыманыя загадзя.
Гліністае ўзвышша
Наступным выпрабаваньнем пасля чарговага асфальтавага перагону было ўзвышша ў полі.
Калі было б суха - ніякай складанасьці там не было б, але гліна размокла пад дажджом і зрабілася максімальна слізка.
Мы ўжо зьбіраліся ехаць далей, калі заўважылі адзінокага матацыкліста ўнізе, якому нават на пад'ездзе да ўзвышша было вельмі цяжка - ён ледзьве ехаў.
Прыйшлося сысьці ўніз і дапамагчы яму. Апынулася, што хлопец на старым малым GSе едзе на шасэйных пакрышках па трасе Адвэнчэр, якая мае агульную частку з Чэленджам.
Я шчыра параіў яму аб'ехаць гэтае ўзвышша па асфальце, бо нават на добрых афроўдных пакрышках нам усім было цяжка. Але ён быў вельмі мэтанакіраваны і сказаў што аднак спрабуе і, калі нічога не атрымаецца, паедзе асфальтам, папрасіў толькі штурхнуць яго памацней.
Выглядала гэта вельмі няпэўна, але ён набраў хуткасьць і... узабраўся на гару з першай спробы!
Хітрасьць была ў тым, што ён паехаў у кірунку поля па раллі, а не па гліне, дзе было слізка :)
Фермер канешне будзе ня вельмі рады - здаецца я здагадваюся чаму яны такія агрэсіўныя да матацыклістаў у гэтым рэгіёне...
Лес
Ізноў траса вяла асфальтам, пакуль не трапілі ў лес, у якім было даволі мокра. Да таго ж напрыканцы лесу было ўзвышша.
Час папоўніць бакі, рушым на запраўку па паліва і гарачую каву з хатдогам
Другі чэлендж
Пасля запраўкі мы паехалі амаль адразу трапілі на месца другога чэленджу - пераадоленьне перашкод у лесе. Тут лічыўся не час, а дакладнасьць - за кожнае падзеньне ці падпор нагамі налічваліся штрафныя балы.
Чэлендж выглядаў на першы погляд ня вельмі складаным, але на самой справе ён аказаўся яшчэ больш складаным чым першы: лес знаходзіўся на схіле, было шмат слізкіх каранёў і было вельмі вузка. Да таго ж, папярэднія ўдзельнікі ўсё перакапалі.
З нашай чацьвёркі толькі Яраслаў, як самы адважны, вырашыў зарызыкаваць праехаць гэтую трасу. Сконьчылася на жаль ўсё вельмі хутка :(
Шкада што я ня бачыў як праходзіў гэтую трасу хлопец на новым R12GS, але мяркуючы што ён трапіў у фінал - ён павінен быў праехаць з агеньчыкам :)
Гара
Самай цікавай і экстрэмальнай часткай маршруту быў пад'ём на гару Шосув Вялікі(Soszów Wielki), праезд уздоўж польска-чэскай мяжы і канешне з'езд з яе.
Звычайна там даступны толькі даезд да лыжных пад'ёмнікаў і потым толькі пешаходныя турыстычныя маршруты. Але БМВ нейкім чынам дамовілася з мясцовымі ўладамі і нам дазволілі на матацыклах праехаць па гэтай тэрыторыі.
На турыстычных маршрутах было аднак шмат людей, якія не былі вельмі задаволеныя што раптам цяжкія матацыклы нясуцца побач з імі, але я меў цудоўныя ўражаньні ад гэтай часткі: прыгожа, экстрэмальна, складана. Вельмі шкада што ў Польшчы няма такіх легальных трас.
Вішняй на торце быў з'езд з гары, пра які папярэджвалі арганізатары, што ён будзе вельмі экстрэмальны.
Мы не адразу зразумелі што нам трэба ехаць менавіта туда, бо гэта выглядала як нейкая вузкая пешая сьцежка(так насамрэч і было).
Я вырашыў прайсьці пешшу ўніз і паглядзець сваімі вачыма што там і як. Скажу шчыра - мне зрабілася страшна.
З'езд быў вельмі круты, шмат камянёў і вузкіх участкаў. Я не быў упэўнены што там увогуле можна праехаць на вялікім GSе.
Але мая адважная каманда вырашыла што няма чаго паддаваца - трэба ехаць.
Толькі адна асоба - Марцін - вырашыла адмовіцца з ўвагі на першы мотасезон у жыцьці і адсутнасьць досьведу. Павага за шчырасьць і адэкватную ацэнку сваіх магчымасьцяў.
Яраслава перамог вельмі подлы камень ужо на амаль унізе, але на шчасьце ён не пашкодзіўся сам і не пашкодзіў матацыкл.
Мой з'езд ніхто не фоткаў, хлопцы вырашылі што відэа будзе лепшым сувенірам :)
Мой з'езд
Апынуўшыся ўнізе мы зразумелі што гэта быў... Гэта быў толькі пачатак. Наперадзе нас чакала яшчэ з 20 хвілін падобнай дарогі каб з'ехаць цалкам з гары. Гэта было вельмі складана, добра што Марцін не паехаў, бо гэта было б занадта для яго.
Унізе аднак мы спыніліся каб адпачыць. Наперадзе быў невялічкі кавалак з трэцім чэленджам тыпу encounter, дзе трэба было ў лесе па каардынатах знайсьці нейкую запчастку ад матацыкла. Але з'езд быў такі інтэнсіўны, што я адчуў што ўсё, я выматаны, няма сэнсу ехаць далей.
Мы вырашылі раздзяліцца: я і Томаш паехалі да гатэляў, а Яраслаў паехаў да канца. Пазьней увечары ён распавёў што лепей бы ён таксама паехаў з намі, бо далей было нудна і нецікава.
Субота - Малінка
Трошкі адпачыўшы пасля трасы, мы паехалі ў мястэчка BMW. У гэтым годзе, разам з пакетам удзельніка, кожны ўдзельнік атрымаў квіток на трамплін. У якасьці турыста-глядача канешне :D
Я першы раз увогуле бачыў жыўцом як трамплін выглядае зверху - ён робіць моцнае ўражаньне. Я думаў што мы, матацыклісты, - вар'яты, але людзі якія скачуць з трампліна на лыжах напэўна могуць дам на фору.
Падсумаваньне
Агулам я застаўся незадаволены трасай GS Challenge. З 145км добрых кіламетраў 100 гэта быў асфальт. Часамі мы ехалі з паўгадзіны па самым асфальце і мне ня вельмі зразумела які сэнс быў у гэтых асфальтавых і зусім не цікавых кіламетрах.
Прыгожыя краявіды былі толькі на пачатку і напрыканцы трасы. Асобная павага за гару Шосув Вялікі, гэта было сапраўды крута. Калі б не гэтая частка, я быў бы расчараваны ўшчэнт.
Я разумею, што гэта вельмі шчыльна заселены рэгіён, але навошта тады там рабіць GS Challenge? Здаецца калі б яго не было, то большасьць і так засталася б задаволеная мерапрыемствам - тэст-драйвамі, гандлем, трасай турыстычнай і г.д.
Мне не спадабалася, што траса была нераўнамерна складаная - было шмат асфальту, альбо вельмі лёгкіх ўчасткаў, але раз на нейкі час былі вельмі складаныя. Лепей было б зрабіць трасу больш кароткай, але больш тэхнічнай і цікавай.
Пра самое мерапрыемства мне няма чаго дадаць - яно выглядала дакладна як паўтор леташняга, нават кавер-бэнд быў той жа самы :)
Ці прыеду я ў наступным годзе? Цяжка сказаць. Калі BMW Motorrad Days 2026 будзе ізноў у Вісле - малаімаверна, але я вельмі шчыра спадзяюся на іншую лакацыю.
Відэа з трасы GS Challenge:
Траса GS Challenge
Мапы трас - турыстычная, Adventure, GS Challenge
BMW Motorrad Days 2023 у Зяленцы - пакуль што лепшы
BMW Motorrad Days 2024 - як гэта было?
Дзякуй за ўвагу!
