Матацыклам па Андалузіі, ч.14: Гібральтар
снежань 4, 2025Па дарозе з Тарыфы ў Марбэлью я ня мог не заехаць у Гібральтар - брытанскую заморскую тэрыторыю з паверхняй усяго 6.5 км2, большасьць якой займае вялічэзная скала.
Спасылка на папярэднюю частку пра маляўнічае месца, дзе сустрэкаюцца Атлантычны акіян і Міжземнае мора.
Гібральтар мае важнае стратэгічнае значэньне: ён дазваляе кантраляваць пратоку паміж Міжземнае морам і Атлянтычным акіянам. У выніку шматлікіх войнаў, больш за 300 гадоў таму Гібральтар адыйшоў Вялікабрытаніі і застаецца яе часткай дагэтуль.
Мая нага дарэчы яшчэ ніколі не ступала на брытанскія землі, няхай і на заморскія. Трэба гэта выправіць.
Правіла ўезду ў Гібральтар такія ж самыя як д ля паездкі ў Вялікабрытанію: дзейная брытанская віза ці пашпарт, які дазваляе ўезд без візы.
Рух на мяжы даволі інтэнсіўны: шмат хто ідзе пешшу, шмат скутэраў ды аўтамабіляў.
Галоўная цікавостка: Гібральтар мае свой аэрапорт! Ягоная адзіная паласа - гэта частка звычайнай дарогі на мяжы з Гішпаніяй, якую зачыняюць на час пасадак і ўзьлётаў самалётаў. Для сучасных самалётаў не хапала даўжыні, таму ў пэўным моманце брытанцы проста дабудавалі яе проста ў мора.
Памежны кантроль праходзіць хутка і амаль незаўважна і вось я ўжо ў Гібральтары.
У мяне было няшмат часу, таму я выбраў аб'ехаць паўвыспу па ўсходняй частцы. На больш шчыльна заселенай заходняй частцы навігатар паказваў усё чырвоным - шмат затораў. Маёй мэтай быў маяк Europa Point на самым паўднёвым ускрайку Гібральтара, адкуль акрываецца цудоўны від на пратоку ды Афрыку.
Першае што кідаецца ў вочы гэта будова хмарачосаў: відаць, ёсьць попыт на жыльлё.
Незвычайна што на дарогах шмат знакаў у тэкставай форме, прадубляваных надпісамі на асфальце - таксама як у ЗША.
Ўсходняя частка Гібральтара - гэта вузкая паласа зямлі паміж морам і скалой, дзе месцяцца дарога ды невялічкія жылыя дамы.
Потым навокал скалы месца няма нават на дарогу, таму не было іншага выхаду акрамя выбудаваньня тунэлю проста ў скале.
Тунэль дарэчы даволі доўгі і, што незвычайна, ідзе пад вуглом уверх.
Вось я і даехаў да ўскрай Гібральтара - маяк Europa Point.
Тут жа знаходзіцца кавалак польскай гісторыі: помнік польскаму прэм'еру ў выгнаньні - Ўладзіславу Сікорскаму, які загінуў у авіякатастрофе ў 1943 годзе. Ягоны самалёт рухнуўся ў ваду адразу пасьля ўзьлёту з аэрапорту Гібральтара, пры дагэтуль не высьветленых абставінах.
Цудоўныя краявіды адкрываюцца адсюль на пратоку і Марока:
Час пакідаць Гібральтар. Было б цікава наведаць музей унутры скалы, але не гэтым разам - наперадзе яшчэ мяне чакае дарога да Марбэльі. Знаёмства з Гібральтарам атрымалася хуткім, але вельмі цікавым. Напэўна варта вярнуцца сюды яшчэ раз калі-небудзь.
Вяртаюся назад той самай дарогай - на заходняй частцы усё таксама чырвона-бардовае ад затораў.
На мяжы мяне сустрэлі вялікія чаргі з аўтамабіляў - людзі пэўна сконьчылі працу і вярталіся ў Гішпанію.
На шчасьце для ўсіх двухколавых транспартных сродкаў была асобная паласа, дзе я праехаў амаль без затрымак.
Відэа-версія маёй паездкі ў Гібральтар:
Гібральтар
Дзякуй за ўвагу і да сустрэчы ў наступнай, здаецца ўжо апошняй частцы!
