Матацыклам па Андалузіі, ч.12: Нацыянальны парк Сьера-дэ-лас-Ньевес
кастрычнік 13, 2025Вітаю шаноўнае спадарства!
Ужо мінула амаль 2 гады з майго падарожжа па Андалузіі, а я ўсё ніяк не магу знайсьці час каб сесьці і дапісаць апавяданьне цалкам, але я не пакідаю надзеі скончыць гэты цыкл. Сёньняшні пост - дванаццаты ў серыі.
Спасылка на папярэднюю частку пра нацыянальны парк Cьера-дэ-Грасалема.
Наступным пунктам нашага падарожжа была Марбэлья, але была яшчэ адна справа ў Рондзе, якую я хацеў вырашыць.
Ронда
Мне ўсё ніяк не давала спакою адна справа: мне вельмі хацелася зрабіць прыгожыя фоткі з каньёнам у Рондзе ўнізе, з відамі на горад. Яна пасялілася ў маёй галаве ад першага дня як мы прыехалі ў Ронду, калі мы былі наверсе. Я бачыў ўнізе людзей і машыны, таму потым ўвесь вечар я глядзеў на розныя мапы і, знайшоў дарогу, якой можна з'ехаць у каньён.
Калі мы прыехалі ў Ронду, дождж толькі ўзмацніўся. Скажу шчыра - сказаць што я хваляваўся, з'язджаючы па стромай грунтоўцы ўніз ў поўнай загрузцы, гэта нічога не сказаць. Вельмі стромы з'езд, вузкі і слізкі падчас дажджу.
Вось такія віды мы пабачылі ўнізе, аглядальны пункт Mirador La Hoya Del Tajo:
Фоткі зробленыя, але наперадзе самае цікавае - трэба заехаць назад на гару. На нашае шчасьце, насустрач нам ніхто не ехаў, бо раз'ехацца на сляпых паваротах было б вельмі складана.
Шкада, што не здымаў, бо сам ня ведаю як я гэта зрабіў, але ўсё атрымалася. Рушым далей!
Дарога A-397 і нацыянальны парк Сьера-дэ-лас-Ньевес
Нягледзячы на дождж, была выбрана дарога A-397, якая пралягае праз нацыянальны парк Сьера-дэ-лас-Ньевес. Гэта быў першы дождж, якога не атрымалася пазьбегнуць падчас усяго падарожжа па Андалузіі.
А-397 можа пахваліцца ня толькі вялікай колькасьцю серпантынаў, але і добрым асфальтам і маляўнічымі відамі.
Падчас дажду мы ня вельмі хацелі затрымлівацца ў дарозе, але мы не смаглі праехаць міма аднаго з шматлікіх аглядальных пунктаў Mirador de la rueda
Вы толькі паглядзіце на колькасьць аглядальных пунктаў на гэтай дарозе:
Затрымаліся на апошнім - Mirador Malaga, калі акурат скончыўся дождж.
Адным словам, шчыра раю наведаць А-397: па-за сезонам і асабліва ў такое надвор'е яна была зусім пустая.
Марбэлья
Упершыню пакаштаваў у марбэльскам Макдональдзе бульбу фры з беконам ды пасыпкай са смакам смятаны ды цыбулі - гэта проста хіт. Хімія, але вельмі смачная :D
Вось такія віды ў Марбэльі на горы з якіх мы толькі што спусьціліся:
Хутка кінулі рэчы ў апартаментах і пайшлі на мора: па-за сезонам можна дазволіць сабе жытло блізка пляжу.
Глядзець шчыра кажучы было амаль не на шта: амаль усё было зачынена, акрамя некалькіх рэстаранаў і кафэ. Мора - халоднае, увесь час дзьме халодны вецер.
Хутка прыйшла думка, што занадта хутка мы праехалі нацыянальны парк Сьера-дэ-лас-Ньевес, таму было вырашана пракаціцца назад у горы і наведаць гарадок Istán, які з усіх бакоў аточаны гарамі і горнае возера з дамбай побач.
Istán і Mirador de la Herriza
У Істан з Марбэльі вядзе толькі адзіная, але вельмі маляўнічая дарога A-7176, поўная серпантынаў і прыгожых відаў.
Я знайшоў у Істане аглядальны пункт з відам на горнае вадасховішча Embalse de la Concepción.
Адзін з плюсаў падарожжа на матацыкле - ён не патрабуе шмат месца і яго можна запаркаваць дзе заўгодна, бо ў Істане было вельмі праблематычна з паркоўкамі.
Запаркаваўшыся, мы пайшлі пешшу да аглядальнага пункту Mirador de la Herriza. Фоты з гугл-мапаў не падманулі - віды там сапраўды цудоўныя.
Від на горы і туман які спаўзае з іх - бясцэнна:
Горы і туман
У вадасховішчы амаль не засталося вады - ня ведаю ці гэта норма, але выглядае даволі хвалююча.
На вяршыне знаходзяцца арэлі, на якіх можна пахістацца, калі вы моцны духам і не баіцеся вышыні:
Было вельмі прыемна насалоджвацца прыгажосьцю прыроды навокал у цішыні і спакоі. Навокал акрамя нас не было зусім ні душы.
Па дарозе назад у Марбэлью мы спыніліся, каб атрымаць асалоду ад заходу сонца.
Чароўнае месца, якое я вельмі раю наведаць.
Вечар у Марбэльі
Адпачываючы вечарам у апартаментах, глядзелі мясцовае тэлебачаньне. Быў прамы этэр з горада Ўэльва, што знаходзіцца ля мяжы з Партугаліяй - акурат той кірунак, дзе мы першапачаткова плянавалі ехаць, будучы ў Севільі.
Добра, адзначыў пра сябе, што мы паверылі прагнозу надвор'я і зьмянілі кірунак падарожжа на супрацьлеглы.
Будзе працягнута.
